Больш за 146 тысяч тон збожжа з Беларусі правезена праз Латвію

Актыўны транзіт збожжа з Беларусі і Расіі праз Латвію працягваецца. Як паведаміла латвійская служба фітасанітарнага кантролю, у студзені-верасні з Беларусі праз Латвію прайшло 131 417 тон збожжавых супраць 60,8 тоны за той жа перыяд мінулага года.

З 1 па 6 кастрычніка транзіт збожжа з беларускага напрамку склаў яшчэ 14 640 тон. Такім чынам, агульны аб’ём паставак перавысіў 146 тыс. тон, паведамляе Delfi.

Аб’ём транзіту з Расіі дасягнуў 742 тыс. т у перыяд з пачатку года да 6 кастрычніка.

У латвійскіх кантрольных службах запэўніваюць, што з верасня правяраюць усе партыі збожжа. Пробы транзітных грузаў адпраўляюцца ў Францыю і Вялікабрытанію, каб выключыць правоз збожжа з акупаваных тэрыторый Украіны. Калі вынікі пацвердзяць, што збожжа паходзіць з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны, атрымальнікі збожжа будуць праінфармаваныя, а ў Латвіі гэта можа стаць падставай для абмежавання дзейнасці канкрэтнага перавозчыка і, магчыма, забароны на далейшы транзіт збожжа.