Татьяна Ким с инспекцией в «Великом камне». Источник: пресс-служба Wildberries
Выданне “Бюро” апублікавала расследаванне, прысвечанае беларускім актывам маркетплейса Wildberries. На думку расследавальнікаў, усё паказвае на тое, што долю ў кампаніях маюць асобы, звязаныя з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі.
У Беларусі расійскі маркетплейс стварыў дзве юрыдычныя асобы «ИМВБРБ» і «Оператор ВБ Такси». У 2025 годзе, праз два тыдні пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, на якой прысутнічала стваральніца маркетплейса Таццяна Кім, уладальнікам 10% у «ИМВБРБ» і «Оператор ВБ Такси» стала беларускае ЗАТ «ТД Квадрат».
У 2025 годзе яно атрымала 70,054 млн рублёў у якасці «даходаў ад удзелу ў статутным капітале іншых арганізацый». Пры гэтым беларускі Wildberries выплаціў у якасці дывідэндаў амаль такую ж суму – 70,053 млн рублёў.
У 2025 годзе «ТД Квадрат» выкупіў мажарытарную долю ў 99,42% камерцыйнага «Банка роста и развития бизнеса». Па выніках фінансавага года ў РРБ прайшоў аўдыт, у якім банк быў вымушаны раскрыць свайго новага канчатковага бенефіцыяра. І ім аказаўся бізнесмен Дзмітрый Курнасенка. Журналісты “Бюро” звярнуліся да яго па тэлефоне, але прадпрымальнік адмовіўся адказваць на пытанні і назваў сваё валоданне «ТД Квадрат» «неправеранай інфармацыяй».
Дзмітрый Курнасенка і яго расійскі партнёр Алег Бадэра (уладальнік групы кампаній «ВессоЛинк») валодаюць аператарам «Безопасные дороги Беларуси», які ўсталёўвае і эксплуатуе абсталяванне для адзінай сістэмы фотафіксацыі парушэнняў хуткаснага рэжыму ў Беларусі. Акрамя таго, Курнасенка з 2020 года кантралюе ЗАТ «Медиаизмеритель» (адзіны нацыянальны вымяральнік аўдыторыі ТБ і радыё Беларусі).
“Бюро” таксама звяртае ўвагу на тое, што нядаўна ў Беларусі з’явіўся буйны аператар вонкавай рэкламы “Креативный код”, у якім 15% належыць «Музыкальной медиакомпании», дзе пасаду генеральнага прадзюсара займае Ганна Лукашэнка, жонка Дзмітрыя Лукашэнкі. 10% запісаныя на кампанію «АНСЛ продакшн». Уладальнікам мажарытарнай долі «АНСЛ продакшн» у памеры 95% з’яўляецца Андрэй Урублеўскі – топ-менеджар Дзмітрыя Лукашэнкі.
А 75% «Креативного кода» валодае закрытае акцыянернае таварыства «КорусМедиа». Дырэктарам ЗАТ з’яўляецца Дар’я Харужка, якая, паводле даных «Кіберпартызан», больш за 10 гадоў працавала ў «Безопасных дорогах Беларуси». Так расследавальнікі звязваюць аператара вонкавай рэкламы з Курнасенкам.
Аўтары расследавання таксама з дапамогай “Кіберпартызан” выявілі, што Курнасенка некалькі разоў падарожнічаў на машыне з нейкім Дзмітрыем Куракевічам. Журналісты знайшлі пяць сумесных паездак у 2017 і 2019 гадах у Польшчу, Літву і Украіну.
Куракевіч – былы супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта, яго таксама называлі асабістым кіроўцам Лукашэнкі. Пры гэтым у 2016-2024 гадах Куракевіч таксама працаваў у «Безопасных дорогах Беларуси» ў Курнасенкі.
Яшчэ адну сувязь паміж Wildberries і сям’ёй Лукашэнкі расследавальнікі праводзяць праз Яўгена Васільева. Ён з’яўляецца кіраўніком напрамку па працы з органамі дзяржаўнай улады кампаніі Wildberries у РБ. Адначасова Васільеў – дырэктар «ТД Квадрат», а яго нумар тэлефона быў пазначаны пры рэгістрацыі юрыдычнай асобы.
Расследавальнікі звязваюць Васільева праз яго жонку Алену і з сям’ёй Лукашэнкі. Партнёркай Алены Васільевай па кампаніі “Сябры Ивент” з’яўляецца Наталля Садоўская, якая з’яўляецца разам са сваім братам Ігарам саўладальніцай кампаніі “Столичная ресторация”. Апошняя валодае 75% у фірме «Подиум стар», якая кіруе рэстаранам Fabriq. 25% «Подиум стар» пры гэтым запісаныя на Уладзіміра Кулакова – мужа роднай сястры Ганны Лукашэнкі.
Журналіст «Бюро» патэлефанаваў Яўгену Васільеву і пацікавіўся, якую ролю ў яго прызначэнні адыграла Наталля Садоўская. Суразмоўца Wildberries не адказаў на пытанне журналіста і назваў інфармацыю пра тое, што ён з’яўляецца дырэктарам «ТД Квадрат», «нейкай памылкай».