«Бюро» расказала пра дзяржзаказы «Саўндкафэ прадакшн» і сувязі з адміністрацыяй Лукашэнкі

«Бюро» апублікавала расследаванне пра кампанію «Саўндкафэ прадакшн», якая з’яўляецца адным з галоўных гульцоў у індустрыі масавых мерапрыемстваў Беларусі. Паводле даных выдання, сярод заказчыкаў кампаніі структуры, звязаныя з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі, а яе кіраўнік Вадзім Рашэцька мае сямейныя сувязі з Адміністрацыяй прэзідэнта. Сцвярджаецца, што часта дзяржзаказы атрымліваюцца ў абыход тэндараў, па прамым распараджэнні чыноўнікаў.

«Саўндкафэ прадакшн» забяспечвала правядзенне дзяржаўных свят, канцэртаў і спартыўных мерапрыемстваў. У прыватнасці, у ліпені 2026 года кампанія арганізоўвала MINSK URBAN FEST, які праводзіў Прэзідэнцкі спартыўны клуб, узначалены Дзмітрыем Лукашэнкам.

«Саўндкафэ» таксама звязана з тэлевізійным шоу «Героі», створаным Прэзідэнцкім спартыўным клубам сумесна з МНС, Федэрацыяй пажарна-выратавальнага спорту і Белтэлерадыёкампаніяй. Саўндтрэк шоу напісала жонка Дзмітрыя Лукашэнкі Ганна Сялук, а вядучай першага сезона была іх дачка Дар’я. Сайт праекта пры гэтым належыць кампаніі «Саўндкафэ прадакшн».

Яе рэквізіты пазначаныя і на сайце марафону «Спорт для ўсіх» — яшчэ аднаго праекта Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Таксама «Саўндкафэ» праводзіць у Беларусі канцэрты, пераважна — зорак расійскага шоу-бізнесу. Напрыклад, кампанія заяўляе, што забяспечвала праекты, звязаныя з канцэртамі ў Мінску Грыгорыя Лепса, Стаса Міхайлава, Клавы Кокі і МакSим, а на «Вечарах у Мірскім замку» прадаставіла гукавое абсталяванне для выступлення Алега Газманава.

«Саўндкафэ прадакшн» уваходзіць у групу кампаній, якія займаюцца тэхнічным забеспячэннем культурных і спартыўных мерапрыемстваў. Да гэтай сеткі таксама адносяцца фірмы «Індустрыя канцэрта», «Саўндкафэ рэалці», «Пінк Нойз», «Саўндкафэ бай» і «Гукавое агенцтва “Саўндкафэ”». Паводле даных выдання, усімі імі кіруюць члены адной сям’і і іх сябры.

Як высветліла «Бюро», з 2019 года «Саўндкафэ прадакшн» атрымала дзяржаўных заказаў прыкладна на 6,5 млн рублёў. Сярод іх пастаўкі абсталявання на святкаванне Дня Незалежнасці ў Мінску і «Славянскі базар у Віцебску» ў 2025 годзе; абслугоўванне сцэны «Дажынак» і гала-канцэрта ў гонар Дня Дзяржаўнага сцяга, герба і гімна ў 2024 годзе; правядзенне рэспубліканскага «Апошняга званка» ў 2023 годзе.

Яшчэ не менш за 1,5 млн рублёў на дзяржзаказах, паводле падлікаў расследавальнікаў, атрымалі іншыя кампаніі з сеткі «Саўндкафэ».

Частку заказаў кампанія атрымлівала без правядзення канкурэнтных працэдур. Паводле даных выдання, у асобных выпадках для гэтага выкарыстоўвалася працэдура закупкі з адной крыніцы, а як мінімум тры дзяржзаказы кампанія атрымала пасля яе вызначэння Саветам міністраў па рашэнні або даручэнні Лукашэнкі.

Асобна расследаванне звяртае ўвагу на сямейныя сувязі ўладальнікаў бізнесу. Вадзім Рашэцька з’яўляецца кіраўніком і ўладальнікам беларускай кампаніі «Саўндкафэ прадакшн». Аналагічная расійская кампанія з такой жа назвай таксама належыць яму, а яе асноўны профіль звязаны з тэхнічным забеспячэннем выканаўчых мерапрыемстваў.

Паводле даных «Кіберпартызанаў», бацька Рашэцькі, Генадзь Рашэцька каля 20 гадоў працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі, у тым ліку займаў пасаду намесніка начальніка кадравага ўпраўлення.

Яго сын стварыў першую кампанію з сеткі «Саўндкафэ». Пасля да бізнесу пачалі далучацца сваякі. Брат Дзмітрый стаў гукарэжысёрам «Саўндкафэ», а пасля — кіраўніком некалькіх кампаній сеткі. Жонкі абодвух братоў, Наталля і Таццяна, атрымалі працу ў «Саўндкафэ прадакшн».

Паводле даных «Кіберпартызанаў», маці сямейства Людміла была працаўладкаваная ў кампаніях «Саўндкафэ бай» і «Індустрыя канцэрта». Раней жанчына працавала ў «Мінскканцэрце». Гэтая дзяржустанова часта купляе паслугі «Саўндкафэ» без правядзення належнага паводле закона аўкцыёну, гаворыцца ў матэрыяле.

«Бюро» ўстанавіла, што кампаніі з сеткі «Саўндкафэ» рэгулярна атрымліваюць бюджэтныя грошы на правядзенне культурных і «патрыятычных» мерапрыемстваў. Многія дзяржзаказы, як сцвярджаецца, дастаюцца Рашэцьку без тэндараў. Напрыклад, некалькі разоў «Саўндкафэ прадакшн» выбіралі выканаўцам дзяржзаказу ў адпаведнасці з пунктам 2 пастановы Саўміна № 454.

У расійскім кірунку бізнесу ўдзельнічаюць Ігар і Вольга Раманавы. Расійскія кампаніі, звязаныя з Рашэцькам і Раманавай, таксама працуюць у сферы канцэртнага і тэхнічнага забеспячэння мерапрыемстваў. Сумарны чысты прыбытак гэтых кампаній за апошнія пяць гадоў склаў каля 6,6 мільёна долараў, сцвярджае выданне.

Паводле даных выдання, у Расіі звязаныя з Рашэцькам структуры абслугоўвалі, сярод іншага, «Інтэрбачанне 2025», канцэрт на Дзень Расіі ў 2024 годзе, суперфінал Кубка Расіі па футболе 2023 года, VK Fest 2022. Сам Вадзім Рашэцька ў 2025 годзе ўдзельнічаў у адукацыйнай сесіі для спецыялістаў канцэртнай індустрыі ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце культуры.

«За актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці дзяржавы і вялікі ўклад у рэалізацыю прыярытэтных сацыяльных праектаў» Ігар Раманаў атрымаў падзяку ад Уладзіміра Пуціна ў 2024 годзе.

Адзначаецца, што бацька Ігара Раманава, Андрэй Раманаў, выступае ў ансамблі песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. У 2023 годзе яго нават унеслі ў Кнігу гонару ансамбля.

На пытанні «Бюро» адказала Таццяна Рашэцька. Яна заявіла, што сувязі ў адміністрацыі Лукашэнкі не паўплывалі на працу «Саўндкафэ». «Бюро» таксама накіравала кампаніі пісьмовы запыт на каментарый.