Фота: photoartdoc.com.
Беларускі фатограф і куратар Сяргей Міхаленка зарэгістраваў у Літве новае выдавецтва. Яно будзе займацца выданнем кніг і альбомаў беларускіх фатографаў, а першым рэлізам стане зборнік пераможцаў фестывалю PhotoArtDoc.
Пра заснаванне выдавецтва Міхаленка паведаміў у сваіх сацыяльных сетках, звярнуўшы ўвагу на простасць працэдуры ў ЕС у параўнанні з беларускай бюракратычнай сістэмай.
«Зарегистрировали сегодня издательство в Литве меньше чем за 24 часа — вечером за 20 минут всё заполнил, а к 10 утра уже получил сообщение о регистрации и первый ISBN», — падзяліўся фатограф.
Ён параўнаў гэты вопыт з працэдурай у Беларусі, дзе для адкрыцця выдавецтва патрэбная дзяржаўная рэгістрацыя ў Міністэрстве інфармацыі, збор вялікага пакета дакументаў і здача экзамену ў кваліфікацыйнай камісіі: «Срок рассмотрения — один месяц, и совсем не факт, что зарегистрируют».
«Круто, что в Литве, как и во многих европейских странах, действует такая логика — государство не должно решать заранее, кто достоин издавать книги. Ответственность наступает за конкретные нарушения, а качество оценивает рынок и общество», — адзначыў Міхаленка.
Заснавальнік ініцыятывы падкрэсліў, што галоўная мэта новага выдавецтва — падтрымка беларускіх аўтараў: «Ну всё, теперь будем издавать книги и беларусских фотографов».
Першым праектам новага выдавецтва стане кніга «PhotoArtDoc 2026. Award-Winning Projects». У яе ўвойдуць найлепшыя работы пераможцаў і фіналістаў сёлетняй эдыцыі фестывалю.
Фотафестываль PhotoArtDoc, заснаваны Беларускай незалежнай фатаграфічнай асацыяцыяй пад куратарствам Сяргея Міхаленкі, стартаваў некалькі гадоў таму як незалежная пляцоўка на мяжы дакументалістыкі і мастацтва. За гэты час праект рэалізаваў шэраг паспяховых ініцыятыў: ад выстаў пераможцаў у Вільні і прэзентацый беларускіх фотакніг на еўрапейскіх пляцоўках (у тым ліку ў Польшчы) да шырокага міжнароднага конкурсу, які збірае аўтараў з усяго свету. Пераможцы конкурсу 2026 года, тэмай якога была «Трансфармацыя» (Transformation / State of Transition), былі абвешчаныя ў чэрвені.
Стварэнне ўласнага выдавецтва ў Літве стала лагічным крокам для праекта, які паслядоўна стварае незалежную інфраструктуру для беларускай фатаграфіі пасля вымушанага выезду супольнасці за мяжу.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram