Беспілотнікі паўторна атакавалі Навашахцінскі НПЗ у Расіі

Расія ў ноч на 28 лістапада зазнала маштабную атаку беспілотнікаў. Паступаюць паведамленні пра ўдары па аб’ектах нафтавай інфраструктуры ў Растоўскай і Самарскай абласцях. У Курскай вобласці ў выніку атак за мінулыя суткі загінулі два чалавекі, у Белгародскай вобласці пацярпелі 14 чалавек.

Мінабароны Расіі заявіла пра перахоп і знішчэнне за ноч 1246 украінскіх беспілотнікаў над тэрыторыямі 16 рэгіёнаў, уключаючы Маскоўскі рэгіён і анексаваны Крым.

Паводле інфармацыі мэра Масквы Сяргея Сабяніна, у бок Маскоўскага рэгіёна ляцелі 462 беспілотнікі. Большасць з іх былі нейтралізаваныя на далёкіх подступах, 123 знішчаныя на падлёце да Масквы, заявіў ён.

Украінскі маніторынгавы канал Exilenova+ паведаміў пра ўдар Сіл абароны Украіны па Навашахцінскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Растоўскай вобласці. Мясцовыя жыхары фіксуюць моцныя выбухі і зарыва ў раёне прадпрыемства.

Паводле звестак OSINT-аналізу ASTRA, на тэрыторыі завода, імаверна, гараць рэзервуары з палівам. Маштабы пашкоджанняў пакуль вызначыць немагчыма.

Гэта ўжо другая маштабная атака на Навашахцінскі НПЗ за тыдзень.

Навашахцінскі завод нафтапрадуктаў (НЗНП) знаходзіцца прыкладна за 7-15 км ад дзяржаўнай мяжы Украіны, перапрацоўвае да 5,6-7,5 млн тон нафты за год, падключаны да сістэмы магістральных нафтаправодаў «Транснафты»; мае чыгуначную інфраструктуру; мае нафтаналіўны тэрмінал у Растове-на-Доне; выкарыстоўвае ўласны флот танкераў тыпу «рака — мора».

Губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар заявіў пра знішчэнне больш за 50 беспілотнікаў у Навашахцінску і 7 раёнах вобласці. Інфармацыя пра пацярпелых і разбурэнні ўдакладняецца. Пра атаку на НПЗ ён не паведаміў.

Акрамя таго, Exilenova+ паведаміў пра ўдар па лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі «Самара» ў Самарскай вобласці. Чытачы ASTRA паведамляюць пра пажар, зарыва ад якога відаць за дзясяткі кіламетраў.

Станцыя забяспечвае транспартаванне расійскай нафты і ўдзельнічае ў фарміраванні экспартных патокаў.

Паводле слоў губернатара Калужскай вобласці Уладзіслава Шапшы, у рэгіёне знішчаныя 120 беспілотнікаў. У выніку падзення абломкаў на ўскраіне Калугі пашкоджаны дачны дом. Пацярпелых няма.

Губернатар Курскай вобласці Аляксандр Хінштэйн паведаміў, што за мінулыя суткі ў рэгіёне збілі 202 беспілотнікі. У выніку атак загінулі 48-гадовы і 22-гадовы мужчыны, яшчэ два чалавекі атрымалі раненні, адзін з іх знаходзіцца ў цяжкім стане. Пашкоджаныя жылыя дамы, гандлёвы цэнтр і транспартныя сродкі.

Паводле звестак губернатара Белгародскай вобласці Аляксандра Шуваева, у рэгіёне за суткі зафіксавалі 173 атакі, збілі і падавілі 272 беспілотнікі. Пацярпелі 14 чалавек, уключаючы падлетка. 9 чалавек шпіталізаваныя, двое знаходзяцца ў цяжкім стане.

Атака на Навашахцінскі НПЗ:

Самарская вобласць: