Беспілотнік, які выбухнуў, прыляцеў у Літву з Польшчы – літоўскі прэм’ер

Прэм’ер-міністр Літвы Міндаўгас Сінкявічус заявіў, што беспілотнік, які выбухнуў на поўначы краіны ў нядзелю, быў украінскім і прыляцеў з Польшчы.

«Сёння відавочна, што FPV-дрон, паводле наяўных у нас даных, украінскага паходжання. Гэта пацвярджаюць абломкі, а таксама зварот украінскага боку і інфармацыя пра тое, што падчас ажыццяўлення атакі была страчаная сувязь з адным з дронаў. Верагодна, менавіта гэты дрон і выбухнуў на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі. Няма сумневаў, што ён нёс выбухоўку», – сказаў прэм’ер пасля пасяджэння Камісіі па нацыянальнай бяспецы.

Паводле яго слоў, у літоўскага боку няма сумневаў, што дрон ляцеў з боку Польшчы.

“Мы праверылі даныя з прадстаўнікамі, якія прысутнічалі на сустрэчы, калі і адкуль беспілотнік увайшоў у паветраную прастору Літвы. Няма сумневаў, што ён увайшоў праз Шэнгенскую зону з польскага боку», – сказаў ён.

Трэба адзначыць, што пакуль Польшча афіцыйна не пацвярджала залёт дрона з яе тэрыторыі.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што напрамак руху БПЛА вызначыў і рэакцыю на яго.

«Таму і рэакцыя была некалькі іншай: паднятыя ў паветра знішчальнікі зафіксавалі на сваіх радарах аб’ект, які рухаўся. Ён быў выяўлены радарам, аднак устанавіць візуальны кантакт і ўбачыць гэты аб’ект было немагчыма з-за неспрыяльных умоў надвор’я», – сказаў ён.

Цяпер літоўскія службы спрабуюць вызначыць, што менавіта стала прычынай падзення дрона і як адбыўся выбух.

«Упаў ён з-за таго, што скончылася паліва, або з-за зніжэння вышыні. Абставіны расследуюцца: высвятляецца, выбухнуў ён пры сутыкненні з зямлёй, лесам або дрэвамі. Гэта яшчэ ўстанаўліваецца», – дадаў Сінкявічус.

На пасяджэнні камісіі таксама абмяркоўваўся інцыдэнт у Вільнюсе, дзе адбылася спроба падпалу памяшканняў SpaceX. Антэны Starlink не загарэліся, блок кіравання атрымаў нязначныя пашкоджанні ад агню.

«Мы расцэньваем гэта як дыверсію і шукаем людзей, якія здзейснілі гэтае злачынства. У сувязі з гэтым дамовіліся, што на аб’ектах, якія кіруюць крытычнай інфраструктурай дзяржаўнага значэння, якіх у нас больш за 15, з улікам сітуацыі будзе ўзмоцнены ўзровень пільнасці», – заявіў прэм’ер-міністр Літвы.