Фото: sudexpert.gov.by
Спецыялісты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз дапамаглі берасцейцы ўстанавіць асобу пахаванай за мяжой маці.
Жанчына звярнулася да судовых экспертаў, каб устанавіць асобу чалавека, пахаванага на тэрыторыі суседняй краіны. Яна доўгія гады шукала магілу маці, каб пацвердзіць месца пахавання і арганізаваць перапахаванне ў Беларусі.
Ёй удалося знайсці меркаваную магілу, але металічная рытуальная шыльдачка з надпісам за гады падверглася карозіі і ўздзеянню прыродных фактараў. Большая частка даных стала практычна нечытэльнай, таму дакладна пацвердзіць асобу пахаванай жанчыны было немагчыма.
Спецыялісты ўпраўлення ДКСЭ па Брэсцкай вобласці правялі тэхнічную экспертызу рэквізітаў дакументаў. З дапамогай спецыяльных метадаў аднаўлення слабабачных запісаў ім удалося аднавіць даныя, нягледзячы на значныя пашкоджанні паверхні шыльдачкі. Эксперты ўстанавілі прозвішча, імя і імя па бацьку, а таксама даты нараджэння і смерці чалавека.
Атрыманыя звесткі пацвердзілі, што знойдзенае пахаванне сапраўды з’яўляецца магілай маці берасцейкі. Цяпер жанчына зможа працягнуць афармленне перапахавання праху маці ў Беларусі, паведамілі у ДКСЭ.