Скриншот видео
З 2022 года ў адкрытых крыніцах зафіксавана не менш за 53 выпадкі поўнага або частковага ўзгарання аўтобусаў МАЗ, піша BELPOL. Як сцвярджаюць у арганізацыі, вытворца замест ліквідацыі прычын пажараў вырашыў выпрабаваць новую аўтаматычную сістэму пажаратушэння.
У распараджэнні аўтараў апынуліся ўнутраная дакументацыя МАЗа пра бязвыплатную пастаўку прылады для выпрабаванняў, а таксама відэазапіс праверкі сістэмы. Гаворка ідзе пра прыладу «УАСПТТ 27-4-2», якую вырабляе ТАА «Авангардспецмонтажплюс».
У 2024 годзе BELPOL пісаў пра ўнутранае расследаванне МАЗа, падчас якога былі вызначаныя асноўныя фактары, што спрыяюць узгаранням. Аднак, на думку арганізацыі, новая сістэма не ліквідуе прычыны ўзнікнення пажару, а прызначаная для яго тушэння.
Аўтары вывучылі тэхнічную дакументацыю сістэмы і прасачылі яе падабенства з аўтаматыкай сямейства УКА 12.5, якая раней выкарыстоўвалася ў падобных сістэмах пажаратушэння.
“Аўтобусы, якія пастаўляюцца ў Расію, на патрабаванне заказчыка, то бок расійскага боку, камплектуюцца сістэмай пажаратушэння «Эпотос» расійскай вытворчасці, якая на практыцы даказала сваю неэфектыўнасць”, — заяўляюць яны.
“Іншымі словамі, праблему працякаючага даху ААТ «МАЗ» вырашае не ліквідацыяй працечкі, а мадэрнізацыяй тазіка, які збірае дажджавую ваду”, — рэзюмавалі ў арганізацыі.