«Белмытсэрвіс» запускае перавозкі паміж Беларуссю і Інданезіяй праз Уладзівасток

«Белмытсэрвіс» абвясціў пра запуск рэгулярнага лагістычнага сэрвісу для экспартна-імпартных паставак паміж Беларуссю і Інданезіяй. Як гаворыцца ў паведамленні прадпрыемства ад 6 кастрычніка, грузы будуць перавозіць праз расійскі порт Уладзівасток.

Сэрвіс арганізуе філіял прадпрыемства «Офіс лагістыкі». Маршрут прадугледжвае падачу аўтатранспарту для загрузкі, дастаўку па чыгунцы да Уладзівастока і далейшую марскую перавозку да порта Джакарта.

Перавозкі будуць ажыццяўляцца ў абодвух напрамках — для экспарту беларускіх тавараў у Інданезію і імпарту інданезійскай прадукцыі ў Беларусь. Заяўлены тэрмін дастаўкі складае ад 30 дзён.

Паводле інфармацыі прадпрыемства, паслуга прадугледжвае дастаўку «ад дзвярэй да дзвярэй», страхаванне, дакументальнае суправаджэнне і кантроль руху грузу на ўсім маршруце.

Частата адпраўленняў, тарыфы і пералік грузаў, даступных для перавозкі, у паведамленні не ўдакладняюцца.