Фото: БелДжи
Беларуская марка BelGee ставіць рэкорды на ўнутраным рынку, але зніжае продажы ў Расіі. Паводле даных агенцтва “Аўтастат”, у кастрычніку ў РФ быў прададзены 6341 аўтамабіль беларускага брэнда, што на 41,2% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Продажы па выніках дзесяці месяцаў таксама знізіліся. Яны склалі без малога 49,7 тыс. аўтамабіляў, што на 3,1% менш, чым год таму.
Доля рынку BelGee у Расіі ў кастрычніку скарацілася з 6,51% да 4,77%, а па выніках дзесяці месяцаў – да 4,52% супраць 4,83% летась.
У першай дзясятцы мадэляў расійскага рынку ў кастрычніку заставалася BelGee Х50+. Быў прададзены 3841 аўтамабіль.
Продажы беларускіх аўтамабіляў у РФ зніжаюцца ўжо чацвёрты месяц запар.
Аб’ём продажаў легкавых аўтамабіляў у РФ у кастрычніку ў цэлым знізіўся на 19,8% да 132,9 тыс. адзінак. Па выніках дзесяці месяцаў расійскі рынак вырас на 3,7% да 1,1 млн штук.
Лідарам рынку застаецца «Лада». За дзесяць месяцаў было прададзена 268,4 тыс. машын, што на 0,9% менш, чым год таму. Далей ідуць Haval (145,4 тыс., +7% да мінулага года), Tenet (117,4 тыс., +9,3 раза), Geely (66,4 тыс., -13,3%).