У сацсетках абмяркоўваюць цэны на курынае філе: 17–19 рублёў за кілаграм, месцамі вышэй за 20. І гэта не накрутка: аптовыя цэны таксама істотна выраслі. А пачалося ўсё з таго, што ў сярэдзіне кастрычніка філе проста знікла з паліц. Reform.news параўнаў цэны ў розных сетках і разабраўся ў прычынах падаражання.
Жыхарка Маладзечна выкладвае ў Threads фота латка «Ганна» з цэннікам з «Маяка» — 17,69 рубля за кілаграм — і нагадвае, колькі той жа прадукт каштаваў месяц таму — 11,69 рубля. За суткі пост сабраў больш за трыста лайкаў і сто пятнаццаць каментарыяў.
«Добры дзень. Курынае філе ў Маяку 17,69. Я ў ахеры. Да пабачэння, — піша sashavaleryevna. — 1 кастрычніка ў Еўраопце была цана 11,69. 27 кастрычніка купляла за 13,71. Да Новага года будзе каштаваць як ялавічына?».
У той жа дзень разыходзяцца яшчэ два пасты на гэтую тэму — у кожнага некалькі соцень лайкаў і каментарыяў.
«Беларусь 🇧🇾 Вы таксама ў ахеры ад цэн на курынае філе? 😂😂😂», — піша ksenia.cny
«Можаце, вядома, паржаць з мяне. Але я, калі бяру курыцу, не гляджу на цану. Узяла і ўзяла. І пайшла. А сёння як убачыла… так і ******. Рука не паднялася купіць. Узяла індычку», — піша elena_sollo_
Да паста прыкладзена фота цэнніка: філе кураняці-бройлера «Ганна», вагавое, 1 кг пакет — 18,89 рубля.
У каментарыях людзі нясуць свае цэннікі — і геаграфія з сеткамі ахоплівае ўсю Беларусь: Мінск, Маладзечна, Віцебск; «Еўраопт» і «Грошык», «Маяк», «Дыяніс», «Алмі», Е-дастаўка — усюды адно і тое ж.
21,54 за кг на Е-дастаўцы — самая высокая цана з усіх, што сустракаюцца ў інтэрнэце. Але якія яны ў сярэднім?
Мы паглядзелі каталогі ўсіх буйных сэрвісаў дастаўкі прадуктаў, якія працуюць у Мінску: Е-дастаўка («Еўраопт»), Green, «Гіпа» (gipermall.by), «Суседзі» і «Мараніта». Ніжэй — усё ахалоджанае курынае філе, якое там было раніцай 5 лістапада.
| Крама | Пазіцыя ў каталогу | Цана ў каталогу | За 1 кг, руб. |
|---|---|---|---|
| Е-дастаўка | Філе кураняці-бройлера «Петруха» ахалоджанае, 850 г | 15,06 за латок | 17,72 |
| Е-дастаўка | Філе кураняці-бройлера «Ганна» ахалоджанае, фасоўка 0,85–1,0 кг (скрыншот з Threads) | 21,54 за кг | 21,54 |
| Гіпа | Філе к/б ахал. Віцебская ПТФ («Ганна»), фасоўка 1 кг> | 18,15 за кг | 18,15 |
| Green | Філе КБ ахал. «Ганна», латок 0,8–1,5 кг | 18,90 за кг | 18,90 |
| Green | Філе КБ ахал. «Ганна», пакет 0,8–1,2 кг | 18,21 за кг | 18,21 |
| Green | Філе к/б халяль, «Дружба», кантэйнер 0,75–1,2 кг | 17,14 за кг | 17,14 |
| Green | Філе КБ халяль, «Дружба», пакет 0,8–1,2 кг | 16,74 за кг | 16,74 |
| Green | Філе к/б ахал. «Асобіна» (Беларуснафта-Асобіна), латок 1,0–1,4 кг | 16,70 за кг | 16,70 |
| Суседзі | Філе кураняці-бройлера халяль, «Дружба», 1 кг | 17,79 за кг | 17,79 |
| Суседзі | Філе кураняці-бройлера «Петруха», 850 г | 13,69 за латок | 16,11 |
| Мараніта | Філе кураняці-бройлера, латок (адзінка вымярэння на сайце не пазначана) | 16,30 | 16,30 |
Роскід цэн — ад 16,11 да 21,54, медыяна каля 17,7 рубля. Самыя даступныя варыянты — фасаваны «Петруха» ў «Суседзях» (16,11 за кг) і «Асобіна» ў Green (16,70). Самае дарагое — вагавая «Ганна» на Е-дастаўцы (21,54).
Асартымент сціснуўся да адной-дзвюх пазіцый. У «Гіпа» на запыт «філе» — адна пазіцыя, «Ганна» па 18,15. У «Суседзях» — дзве. У «Мараніта» — адна. Green паказвае пяць, але гэта па сутнасці два вытворцы — Віцебская птушкафабрыка («Ганна») і «Дружба» — плюс адна пазіцыя «Асобіна». Ні ў адным з пяці каталогаў няма філе «Смалявічы Бройлер» і агракамбіната «Дзяржынскі» — двух найбуйнейшых вытворцаў краіны.
Розніцы паміж сеткамі амаль няма. Адзін і той жа латок «Ганна» каштуе 18,15 у «Гіпа» і 18,21–18,90 у Green. «Петруха» 850 г — 13,69 у «Суседзях» і 15,06 на Е-дастаўцы. Гэта не цэнавая палітыка асобнага рытэйлера, гэта рынак.
Адзін і той жа латок «Петруха» 850 г:
Філе «Ганна» з паста sashavaleryevna: 1 кастрычніка — 11,69, 27 кастрычніка — 13,71, 4 лістапада — 17,69. +51% за месяц.
«Дыяніс»: 15 → 16,75. «Алмі»: 14,57 → 16,47. І тое і другое — за лічаныя дні.
Для маштабу: у 2017 годзе «Петруха» ў «Еўраопце» каштавала 6,25 за кг.
Першая рэакцыя — «гандаль абнаглеў». Але ў нас ёсць аптовыя прапановы на B2B-пляцоўках, і яны кажуць адваротнае.
Аптовыя аб’явы на B2B-пляцоўках (Крутон.бай, Flagma) паказваюць тую ж карціну: летам філе прапаноўвалі па 10,5–12 рубля за кг, у канцы кастрычніка — пачатку лістапада — па 14–15,6. Рост на траціну, а месцамі амаль напалову. Пры опце 15,5 рознічныя 17–19 — гэта нацэнка 10–20%, звычайная для ахалоджанага мяса: гандаль нічога не накруціў.
Падаражанню папярэднічаў дэфіцыт. 13 кастрычніка мінчане масава пісалі, што з крам зніклі курынае філе і яйкі. Да пачатку лістапада філе вярнулася на паліцы, але ўжо па новых цэнах.
Прадаўцы ў фірменных крамах тлумачылі пакупнікам, што ўсё ідзе на камбінаты школьнага харчавання. Але значна больш праўдападобнае іншае тлумачэнне — расійскі рынак.
За студзень–верасень прамысловая вытворчасць мяса птушкі ў РФ упала на 5,7%, у птушкафабрык выраслі выдаткі на кармы, энергію, лагістыку і персанал.
Паводле даных «Коммерсантъ», філе ў Расіі цяпер каштуе 458 расійскіх рублёў, або 16,72 беларускага за кілаграм оптам. Год таму было ўсяго 322 рублі — 11,8 беларускага па цяперашнім курсе. Гэта значыць, за год расійская аптовая цана на філе вырасла з узроўню прыкметна ніжэйшага за беларускі да ўзроўню вышэйшага за яго. У беларускіх птушкафабрык з’явіўся пакупнік, гатовы плаціць за філе больш, чым свае аптавікі, і ў аб’ёмах, якія беларускаму рынку не сніліся.
Так што беларускае філе ў кастрычніку не «пайшло на нагетсы», а паехала туды, дзе за яго плацяць больш. Кансалтынгавая кампанія AD Libitum, на якую спасылаецца «Коммерсантъ», прагназуе аднаўленне вытворчасці птушкі ў Расіі не раней за першы квартал 2027 года, так што хуткага адкату цэн чакаць не варта.