Беларусы пазбавіліся Tesla за кантрабанду цыгарэт у Польшчы

У Польшчы трох беларусаў затрымалі за кантрабанду цыгарэт. Яны схавалі тавар у электрамабілі Tesla, паведамляе памежная служба Польшчы.

24 лістапада польскія памежнікі правялі ператрус у гміне Сакалова Падляскага ваяводства. У аўтамабілі Tesla яны выявілі схованку каля акумулятарнай батарэі, у якой знаходзілася каля 820 пачкаў беларускіх цыгарэт. Іх кошт ацэньваецца прыкладна ў 17 тысяч злотых (4100 долараў).

У гаспадарчай пабудове былі затрыманыя трое грамадзян Беларусі, якія збіраліся дастаць цыгарэты са схованкі.

Беларусам прад’яўленыя абвінавачанні ў кантрабандзе. Наяўныя грошы, якія былі ў іх, — 2,5 тысячы долараў і 23 тысячы злотых — вынялі. Таксама вынятая Tesla.

У дачыненні да беларусаў вынесенае рашэнне аб выдварэнні з Польшчы з забаронай на ўезд у краіны Шэнгенскай зоны на сем гадоў.

Фота: podlaski.strazgraniczna.pl
Фота: podlaski.strazgraniczna.pl