Фото: t.me/tsikhanouskaya
Грамадская прастора пры Офісе Святланы Ціханоўскай у Варшаве адкрытая для правядзення мерапрыемстваў беларускіх арганізацый і ініцыятыў. Скарыстацца пляцоўкай могуць таксама прадстаўнікі СМІ, актывісты, даследчыкі і іншыя зацікаўленыя асобы, паведамілі ў Офісе.
Прастора прызначаная перш за ўсё для некамерцыйных мерапрыемстваў: дыскусій, прэзентацый, адукацыйных і культурных падзей, сустрэч беларускіх супольнасцяў.
Зала разлічаная на 50 месцаў, маюцца гукавое абсталяванне, мікрафоны, экран і гасцявы Wi-Fi. Для міжнародных арганізацый таксама прадугледжаная магчымасць суфінансавання мерапрыемстваў.
Для выкарыстання пляцоўкі неабходна запоўніць спецыяльную форму, пазначыўшы тэму, фармат, пажаданую дату і колькасць удзельнікаў мерапрыемства.
Падаваць заяўкі неабходна не менш чым за 10 дзён да мерапрыемства. Пры першым звароце гэты тэрмін складае 21 дзень, а пры неабходнасці дадатковага ўзгаднення пытанняў бяспекі — 30 дзён.
Фінансава падтрымаць развіццё грамадскай прасторы можна па спасылцы.