Беларусы аказаліся датычныя да чарговай справы аб незаконнай легалізацыі ў Польшчы

Грамадзяне Беларусі былі як удзельнікамі, так і кліентамі арганізаванай групы, якая ў Польшчы займалася прадастаўленнем падробленых дакументаў для мэт легалізацыі.

Як паведамілі ў Памежнай ахове Польшчы, затрыманыя сем чалавек, у тым ліку грамадзяне Украіны, Беларусі, Грузіі і Германіі. Кіраўніцтва групай прыпісваюць 35-гадоваму грамадзяніну Германіі казахстанскага паходжання.

У перыяд з 2022 па 2025 год група прадастаўляла замежнікам дакументы, якія пацвярджалі наяўнасць у іх сродкаў, неабходных для атрымання віду на жыхарства з мэтай вучобы.

“Схема прадугледжвала часовыя пераводы грошай паміж банкаўскімі рахункамі членаў групы і тых, хто карыстаўся іх паслугамі. Пасля залічэння сродкаў на рахунак адпаведны замежнік атрымліваў у банку выпіску аб стане рахунку, якую затым прадастаўляў ва Упраўленне Мазавецкага ваяводства ў Варшаве ў якасці пацвярджэння наяўнасці дастатковых сродкаў для пражывання і знаходжання ў Польшчы. Пасля атрымання выпіскі грошы здымаліся або пераводзіліся на іншы рахунак, дзе выкарыстоўваліся для падрыхтоўкі дакументаў для наступнага чалавека. Такім чынам, адны і тыя ж сродкі неаднаразова выкарыстоўваліся для дэманстрацыі ўяўнай фінансавай забяспечанасці розных замежнікаў”, – паведамілі памежнікі.

Такая паслуга каштавала замежнікам ад 200 да 800 злотых. Сярод кліентаў былі амаль 3 тыс. чалавек, уключаючы грамадзян Беларусі, Турцыі, Казахстана, Узбекістана, Індыі, Нігерыі, Паўднёвай Афрыкі, Марока, Алжыра, Егіпта, Зімбабвэ, Ганы, Кеніі, Эфіопіі, Пакістана, Інданезіі, Мазамбіка, Таджыкістана і Руанды.

Двое затрыманых змешчаныя пад варту, у дачыненні да астатніх абраныя меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.