Беларускія прадпрыемствы ў жніўні часцей звальнялі, чым бралі на працу

Беларускія прадпрыемствы ў жніўні часцей звальнялі, чым прымалі людзей на працу. На гэта ўказваюць даныя Белстата. У справаздачу не ўключаюцца звесткі пра мікра- і малыя прадпрыемствы без ведамаснай падпарадкаванасці.

Усяго ў жніўні былі прынятыя на працу 100,13 тыс. чалавек, а звольненыя — 110,4 тыс. Колькасць звольненых перавысіла колькасць прынятых на працу на 10 263 чалавекі. Сітуацыю шмат у чым вызначала афармленне на працу выпускнікоў гэтага года.

Колькасць працаўладкаванняў і звальненняў у параўнанні са жніўнем 2025 года вырасла на 6,6%.

Па выніках студзеня — жніўня беларускія прадпрыемствы прынялі на працу 538,5 тыс. чалавек, а звольнілі 578 тыс. Баланс склаўся на карысць звальненняў. Іх было на 39,5 тыс. больш.

У студзені — жніўні колькасць працаўладкаванняў вырасла на 6%, а звальненняў — на 7,8%.

У жніўні баланс на карысць звальненняў склаўся ў інфармацыі і сувязі (-46), сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках (-4734), апрацоўчай прамысловасці (-175), транспарце і лагістыцы (-209), паслугах па часовым пражыванні і харчаванні (-1700), адукацыі (-7716).

Баланс на карысць працаўладкаванняў у жніўні склаўся ў будаўніцтве (+19), гандлі (+413), дзяржкіраванні (+72), ахове здароўя (+4627).

Па выніках васьмі месяцаў звальнялі больш, чым прымалі на працу, у апрацоўчай прамысловасці (-10 264), ахове здароўя (-2892), транспарце і лагістыцы (-5251), інфармацыі і сувязі (-1361), гандлі (-1210), адукацыі (-23 266).

У студзені — жніўні баланс на карысць працаўладкаванняў склаўся ў сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках (+3578), будаўніцтве (+5803), дзяржкіраванні (+208).