Беларускія прадаўцы Wildberries атрымліваюць прапановы аб кампенсацыі за згарэлы тавар. Сумы падабаюцца не ўсім

Беларускія прадаўцы Wildberries, чый тавар згарэў ад удараў украінскіх беспілотнікаў па складах у Расіі, пачалі атрымліваць індывідуальныя прапановы аб кампенсацыі. Дэталямі яны дзеляцца неахвотна з-за значнага штрафу за разгалошванне падрабязнасцяў, але зразумела, што сума кампенсацый спадабалася не ўсім.

Дырэктар брэсцкай студыі дызайну Fajno Design Дзмітрый Царук спытаў калег у Threads, як яны ацэньваюць разлік кампенсацыі па страчаных таварах: ці пакрывае ён хаця б сабекошт. За суткі галінка набрала больш за 5 тысяч праглядаў, але толькі два адказы па сутнасці.

Сталярная майстэрня Florbox.by (ТАА “ДИНСАРНА”), якая займаецца вытворчасцю дэкаратыўных вырабаў з дрэва, падпісала пагадненне, якое, паводле яе ацэнак, рэальна пакрывае каля 5–7% страт. Падрабязней абмяркоўваць умовы прадавец адмовіўся, спаслаўшыся на штраф у 50 тысяч, спецыяльна прыдуманы, каб усе маўчалі: «На жаль, на лепшую прапанову разлічваць не даводзіцца». Аўтар галінкі адказаў, што сума штрафу здзівіла і яго. Валюта штрафу ў галінцы не ўдакладняецца.

Індывідуальнаму прадпрымальніку Дзмітрыю Васільеву «пашанцавала» больш: ён напісаў, што кампенсацыя пакрыла «50% ад згарэлага тавару». Дзесьці яго ацэньвалі вышэй за сабекошт, дзесьці палічылі ніжэй.

 

Мяркуючы па галінцы ў Threads, памер прапанаваных кампенсацый часам аказваецца не вышэйшым за «добраахвотныя выплаты падтрымкі» ад Wildberries, які, згодна з афертай, увогуле не абавязаны кампенсаваць расійскім прадаўцам тавар, страчаны з-за ўдараў беспілотнікаў.

Беларускія прадаўцы працуюць не з расійскай юрыдычнай асобай, а з ТАА «ІМВБРБ» па беларускай аферце, дзе пераліку форс-мажорных абставін няма, а нормы Грамадзянскага кодэкса Беларусі аб дагаворы камісіі ўскладаюць адказнасць за страту маёмасці на камісіянера. На гэтым будаваў пазіцыю Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў: пажары ў Расіі не могуць быць падставай для адмовы ў кампенсацыі. Таму некаторыя юрысты лічылі, што ў беларусаў пазіцыя мацнейшая.

Але 13 кастрычніка Міністэрства эканомікі адказала саюзу, што падтрымка будзе аказвацца ў індывідуальным парадку з улікам спецыфікі тавараў, а не адзінай фіксаванай выплатай.

Нагадаем, масіраваныя ўдары беспілотнікаў па складах Wildberries у Расіі пачаліся 18 ліпеня 2026 года з Электрасталі і Котавска. Да 24 ліпеня атакам падвергся 21 аб’ект, 16 жніўня згарэў найбуйнейшы склад у Каледзіна. Паводле ацэнкі саюза, тавар на расійскіх складах WB трымаюць больш за 22 тысячы беларускіх суб’ектаў гаспадарання.