Беларускі ПЭН абвясціў пра пачатак прыёму заявак на літаратурную прэмію імя Францішка Аляхновіча. У новым сезоне ўзнагарода ўпершыню прадугледжвае грашовы прыз для пераможцы.
Прэміяй адзначаюць дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, напісаныя ў няволі, адноўленыя з памяці пасля канфіскацыі ці знішчэння рукапісаў, а таксама прысвечаныя зазнанаму аўтарам зняволенню.
У новым сезоне прэмія зведала некалькі істотных зменаў.
Па-першае, грашовы прыз. Дагэтуль прэмія не мела матэрыяльнага ўзнагароджання. У 2027 годзе пераможца ўпершыню атрымае грашовую падтрымку (памер прыза вызначаць арганізатары).
Па-другое, новы графік. Раней прэміяльны сезон доўжыўся з кастрычніка да кастрычніка, а лаўрэата абвяшчалі 15 лістапада. Цяпер прэмія пераходзіць на каляндарны прынцып працы, каб даць журы дастаткова часу для грунтоўнага чытання і ацэнкі ўсіх тэкстаў, якіх стала значна больш. Пераходны сезон ахоплівае творы, створаныя з 1 кастрычніка 2025 года да 31 снежня 2026 года. Прыём заявак працягнецца да 20 студзеня 2027 года, а імя пераможцы назавуць у лістападзе 2027 года.
Таксама ўпершыню журы зможа сфармаваць лонг- і шорт-лісты намінантаў, каб прыцягнуць увагу не толькі да лаўрэата, але і да іншых значных тэкстаў.
У Беларускім ПЭНе тлумачаць рэформу тым, што пасля вызваленняў палітвязняў абсяг беларускай турэмнай літаратуры за апошні год істотна павялічыўся. Таксама многія аўтары вымушаныя нанова запісваць творы пасля таго, як іх сшыткі і дзённікі забіралі падчас ператрусаў ці перад вызваленнем.
Паводле маніторынгу арганізацыі, станам на 31 кастрычніка 2026 года ў зняволенні або ва ўмовах абмежавання волі застаюцца не менш за 19 Людзей Слова.
Намінаваць творы (як апублікаваныя, так і неапублікаваныя) могуць самі аўтары або іх блізкія са згоды аўтара. Пры неабходнасці ўдзельнічаць у конкурсе можна зашыфравана — імя лаўрэата або намінанта не будуць раскрываць, пакуль гэта не стане бяспечным.
Заяўкі прымаюцца праз электронную форму.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснавана ў 2013 годзе Беларускім ПЭНам сумесна з беларускай службай «Радыё Свабода».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram