На YouTube-канале «Саша, што ты нясеш?!» выйшла трэцяя серыя дакументальнага праекта Reform.news «Пукст на Поўначы». У новым эпізодзе Сяргей Пукст успамінае свабоду 1990-х і мастакоў, якія знаёмілі Паўночную Еўропу з незалежнай Беларуссю.
Галоўным героем эпізоду стала творчае аб’яднанне «Беларускі клімат». У пачатку 1990-х яго ўдзельнікі адправіліся ў Данію і паказалі там нефармальнае мастацтва незалежнай Беларусі: перформансы, вуснае кіно, музыку і фатаграфіі беларускіх пустынь, знятыя ў пясчаных кар’ерах пад Заслаўем.
Сяргей Пукст расказвае пра беларускі андэрграўнд той эпохі і людзей, якія сталі піянерамі культурнай дыпламатыі, хоць самі наўрад ці карысталіся такім выразам. А яшчэ разважае пра тое, што засталося ад свабоды 1990-х: эпізод у гісторыі мастацтва, застольны жарт ці паветра, якім мы працягваем дыхаць.
Аўтар сцэнарыя, апавядальнік і музыка – Сяргей Пукст. Рэжысёр праекта – Арцём Лобач.
Новыя эпізоды выходзяць кожную сераду на YouTube-канале «Саша, што ты нясеш?!».
Праект створаны Reform.news пры падтрымцы Nordic Council of Ministers.