Беларускі АМАП узяў на службу робасабак

У беларускага АМАПа з’явіліся робаты-сабакі. Адзін з экзэмпляраў сёння прадэманстравалі дэлегацыі сілавікоў з М’янмы.

Дэлегацыя на чале з дарадцам па нацыянальнай бяспецы і міністрам у Канцылярыі прэзідэнта М’янмы Цін Аун Санам наведала базу мінскага АМАПа. Гасцям паказалі, як амапаўцы праводзяць зачыстку гандлёвага цэнтра, вызваляюць закладнікаў з вагона, штурмуюць будынак і спыняюць «масавыя беспарадкі».

На адным з фота перад групай байцоў АМАПа ідзе робасобака. Робат нагадвае мадэль Unitree Go2 кітайскай кампаніі Unitree Robotics.

М’янмарскім сілавікам таксама паказалі спартыўна-тактычны комплекс, цір, клас для падрыхтоўкі аператараў дронаў.

Кіраўнік беларускага МУС Іван Кубракоў выказаў надзею на больш цеснае супрацоўніцтва паміж сілавікамі Беларусі і М’янмы.

«Сёння вам прадэманстравалі толькі невялікую частку баявой працы. Таксама ў нас ёсць падраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, унутраныя войскі, якія забяспечваюць ахову грамадскага парадку, канваіраванне затрыманых, ахову папраўчых калоній і аказваюць дапамогу органам унутраных спраў пры затрыманні небяспечных злачынцаў. Мы гатовыя падзяліцца досведам па розных напрамках службовай дзейнасці», — заявіў Кубракоў.

Фота: МУС
Фота: МУС
🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!