Фото: t.me/customs_bel
Партыю парфумерыі коштам больш за 760 тысяч рублёў без дэкларавання і выплаты мытных плацяжоў спрабавалі ўвезці ў Беларусь. Як паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце, факт увозу дазволіла ўстанавіць супрацоўнікам Аператыўнай мытні рэалізацыя аператыўнай інфармацыі.
Мытнікі дагледзелі грузавік, які прыбыў з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Сярод іншых тавараў у ім выявілі больш за 3,5 тысячы адзінак парфумерыі. Звесткі пра тавар у суправаджальных дакументах адсутнічалі, і не былі выплачаны мытныя плацяжы на суму каля 230 тысяч рублёў.
Аператыўная мытня распачала адміністрацыйны працэс па частцы 1 артыкула 15.5 КаАП Беларусі. Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф да 30% ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння. Акрамя таго, перавозчыку давядзецца выплаціць нявыплачаныя мытныя плацяжы.