Беларуская мастачка Воля Сасноўская прэзентавала ва Уроцлаве перформанс, прысвечаны пратэстам 2020 года – фотафакт

Ва Уроцлаве ў межах Міжнароднага фестывалю перформансу «Nowe Spojrzenia» (Międzynarodowy Festiwal Performansu „Nowe Spojrzenia”) адбыўся выступ беларускай мастачкі, даследчыцы і куратаркі Волі Сасноўскай (Olia Sosnovskaya). Яна прадставіла перфарматыўную працу «Citing Sources» («Цытуючы крыніцы»).

У аснову перформансу ляглі рэфлексіі мастачкі над матэрыяламі з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе яна даследавала канцэпцыю «сацыялістычнага свята» праз кнігі, тэксты і выявы. Гэты архіўны пласт накладваецца на асабісты досвед пратэстаў у Мінску — у прыватнасці, успаміны пра вечары ў спальных раёнах накшталт Ангарскай, дзе гукі блакавання дарог і клаксоны машын зліваліся з пачуццём няскончанага руху.

Фота: Reform.news.

Як адзначаецца ў эксплікацыі да працы, перформанс даследуе ўзаемасувязь паміж мовай і рухам, падзеяй і дакументам, афектам і палітычным. Тэкст у працы Волі Сасноўскай выступае не проста носьбітам інфармацыі, а сцэнай, рэквізітам, сведкам і інструкцыяй — партытурай, з дапамогай якой чалавечыя целы могуць трэніраваць палітычнае ўяўленне.

Праз супольнае чытанне і цялеснае сачэнне за геаметрыяй радкоў мастачка фактычна падключае гледача да рэвалюцыйнага працэсу. Перформанс адмаўляецца ад уяўлення пра рэвалюцыю як пра аднаразовы выбух на вуліцах і прапануе паглядзець на яе як на працяглую афектыўную сувязь, яшчэ не завершаную і актуальную дагэтуль.

Мастачка звяртаецца да асэнсавання сябе як палітычнага суб’екта падчас руху – у маршы, у прасторы, ва ўяўленні. «Я ўсведамляю, што палітычнаму руху ў самым даслоўным сэнсе “трэба вучыцца, практыкаваць яго… набываць навыкі і выпрабоўваць. Раз за разам, з кожным новым паўторам, аднаўляючы яго наноў”».

Воля Сасноўская нарадзілася ў Мінску, жыве і працуе ў Вене. Яе працы прэзентаваліся на такіх пляцоўках, як Kunsthalle Wien, e-flux, Музей сучаснага мастацтва ў Варшаве, documenta fifteen, а таксама на біенале ў Кіеве, Празе і Косаве.

Międzynarodowy Festiwal Performansu „Nowe Spojrzenia” (Міжнародны фестываль перформансу «Новыя перспектывы») — маштабная падзея, якая праходзіць ва Уроцлаве з 2 па 7 лістапада 2026 года і аб’ядноўвае каля 50 мастакоў і даследчыкаў з розных краін. Фэст скіраваны на пошук новых выразных формаў і асэнсаванне сучасных рэалій праз цялеснасць і візуальнае мастацтва на вядучых пляцоўках горада (у тым ліку ў Тэатры Лабараторыі Інстытута Ежы Гратоўскага).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram