Владимир Зеленский. Фото: t.me/V_Zelenskiy_official
Украіна ўвяла санкцыі супраць беларускага прадпрыемства «Аэракасмічныя прыборы», якое, паводле сцвярджэння Кіева, удзельнічае ў распрацоўцы кампанентаў для расійскай спадарожнікавай сістэмы сувязі «Рассвет». Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 30 кастрычніка, паведаміла яго прэс-служба.
“Беларускае прадпрыемства «Аэракасмічныя прыборы» – распрацоўвае і прататыпуе кампаненты для аэракасмічных сістэм”, – гаворыцца ў тлумачэнні.
Прадпрыемства ўвайшло ў санкцыйны спіс разам з 10 расійскімі кампаніямі і 19 грамадзянамі Расіі, датычнымі да стварэння спадарожнікавай сістэмы РФ.
“РФ імкнецца мець спадарожнікавую сістэму, падобную да сеткі Starlink, якая дазваляла б кіраваць войскамі, наводзіць і кіраваць у рэжыме анлайн ударнымі дронамі, у прыватнасці «шахедамі», і ракетамі. Разгортванне гэтай сістэмы можа дапамагчы Расіі не толькі ажыццяўляць бесперапыннае кіраванне сродкамі паражэння ў рэальным часе ва Украіне, але і ствараць пагрозы для іншых краін”, – адзначаецца ў прэс-рэлізе.
У санкцыйны спіс таксама ўключылі распрацоўшчыка і сістэмнага інтэгратара праекта «Бюро 1440», кампаніі «Лабс 1440», «ФАБ Рассвет», «5С Груп», «Аквамаш», «Эл-Оптыкс», «Элесар-Груп» і «Малыя касмічныя апараты».
«Рассвет» – гэта спроба Расіі стварыць уласную нізкаарбітальную спадарожнікавую сістэму і выкарыстоўваць яе ў вайне супраць Украіны і для стварэння пагроз усяму свету. Праект залежыць ад замежных тэхналогій, абсталявання і кампанентаў, таму мы б’ём па гэтых ланцугах ужо на этапе распрацоўкі і заклікаем партнёраў сінхранізаваць санкцыі», – падкрэсліў дарадца-ўпаўнаважаны прэзідэнта па санкцыйнай палітыцы Уладзіслаў Уласюк.
Акрамя таго, Украіна ўвяла абмежаванні супраць 39 суднаў расійскага ценявога флоту, якія выкарыстоўваюцца для экспарту нафты, нафтапрадуктаў і газавага кандэнсату. Гэтыя судны перавозяць расійскія энерганосьбіты ў Кітай, Індыю, Егіпет, Турцыю і іншыя краіны.
Толькі адно з суднаў – Vasily Dinkov – і толькі за першае паўгоддзе 2026 года здзейсніла 15 аперацый па перавозцы каля 726 тысяч тон расійскай сырой нафты.
Часткова судны ўжо знаходзяцца пад санкцыямі Еўрапейскага Саюза, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Швейцарыі і Аўстраліі.
У Кіеве адзначаюць, што даходы ад экспарту энергарэсурсаў з’яўляюцца адной з важных крыніц фінансавання расійскай вайны супраць Украіны. Інфармацыю пра судны ўкраінскі бок мае намер перадаць міжнародным партнёрам для сінхранізацыі санкцый.