Источник фото: Instagram.com/iamdarnev/
Больш за 50 водгукаў на вакансіі, халодныя лісты, званкі эйчарам – і ніводнай прапановы аб працы. Беларуска Дар’я Невяровіч была дэпартаваная з Польшчы, яна вярнулася ў родны Брэст і не пазнала рынак працы.
«У мяне проста гарыць ад рынку працы. Нават у чужой краіне без ведання мовы абставіны не прымушалі так упірацца ў сцяну», – напісала дзяўчына ў Threads.
Яна адправіла паўсотні рэзюмэ з суправаджальнымі лістамі, пісала кампаніям наўпрост «з канкрэтным планам, што можна палепшыць і што гэта дасць», тэлефанавала эйчарам, але па тэлефоне ёй заўсёды адказвалі адно і тое ж: «Калі адправілі рэзюмэ, чакайце». Адмоў яна не атрымлівала, як і прапаноў аб працы – толькі ігнор.
«Адкрываеш вакансію позна ўвечары ці нават уначы, а там падсвечвае, што разам са мной гэтую вакансію глядзіць яшчэ палова насельніцтва абласнога горада».
У дзяўчыны пяць гадоў досведу ў продажах, яна ўмее здымаць, манціраваць, кіраваць камандамі, наладжваць CRM і рэкламныя кабінеты. «Скажыце мне, што трэба асвоіць, і я буду ўмець гэта рабіць ужо праз 3 гадзіны», — запэўнівае яна, але працу знайсці не можа.
У суседняй Польшчы, сцвярджае яна, такіх праблем з пошукам працы яна не адчувала. Там беларуска пражыла тры гады і вярнулася не па сваёй волі: кампанія, з якой яна супрацоўнічала, сарвала тэрміны падачы яе дакументаў на падаўжэнне легалізацыі ў Польшчы.
Вынік — дэпартацыя і паўгадавая забарона на ўезд у ЕС. Візу пры гэтым не анулявалі, і, мяркуючы па сторыс, развітвацца з Польшчай беларуска не збіраецца. Але пакуль што ёй давядзецца працягнуць пошукі працы на радзіме.
У Беларусі склалася парадаксальная сітуацыя на рынку працы. Колькасць суіскальнікаў расце, а колькасць беспрацоўных падае. Так, у трэцім квартале, пры рэкордна нізкіх 1,9% беспрацоўя, праз сэрвіс Rabota.by беларусы падавалі ў сярэднім 11,2 рэзюмэ на вакансію, год таму было 8,4, а здаровым узроўнем называюць 6–8. Маркетынг з рэкламай і PR, ІТ, адміністрацыйныя пасады і бухгалтэрыя ўзначальваюць спіс самых перапоўненых сфер. 82,6% вакансій адрасаваныя лінейнаму персаналу і рэальнаму сектару – гэта гандаль, лагістыка, вытворчасць, будаўніцтва – менавіта такіх спецыялістаў у Беларусі цяпер не хапае.