Беларуска прадала старыя ёлачныя цацкі за 70 рублёў – аказалася, прадала занадта танна

Беларуска выставіла на Куфары 18 старых шкляных ёлачных цацак за 50 рублёў, і праз пяць хвілін за іх «пачалася бойка»: адна з пакупніц сама падняла цану, паабяцала неадкладна прыехаць і папрасіла зняць аб’яву. Дзяўчына пагадзілася, а потым спытала ў Threads: можа, прадала занадта танна? У каментарыях з’явілася нямала людзей, якія ведаюць цану антыкварыяту.

У прададзенай калекцыі былі шкляныя шары, шышкі, ледзяшы, кукурузны пачатак, домік, зялёны чорт, балалайка, Снягуркі вялікая і маленькая, сава і бабуля ў хустачцы – сімпатычны набор з настальгічным вайбам.

«Прыкіньце, так, вось гэтую купку саўдэпаўскіх цацак на ёлку, 18 шт., я выставіла за 50 руб. на Куфары. За 5 хвілін за іх пачалася бойка. Мне прапанавалі 70 руб. і прыехаць неадкладна забраць», – пахвалілася jennyz_florist, прапанаваўшы зрабіць гэтак жа ўсім, хто, як і яна, не бачыць у такіх цацках асаблівай каштоўнасці: «хоць грошай ссячэце пад Новы год на падарункі».

Па рэакцыі пакупнікоў яна здагадалася, што на такіх наборах робяць бізнес, перапрадаючы іх паштучна, рублёў па 15, «як рарытэт». Але паняцця не мела, што некаторыя з іх каштуюць значна даражэй.

«Ведалі б вы, колькі каштуе адна цацка – ачмурэлі б»

Каментатары называлі розныя цэны, але сыходзіліся ў адным: у калекцыі ёсць цацкі, якія каштуюць значна даражэй. Адна з чытачак ацаніла набор мінімум у 120 рублёў: паводле яе слоў, амаль кожная цацка з ніжняга шэрагу прадаецца па 20. Іншыя пісалі, што аддалі б за ўсё 150 рублёў або 100 долараў, а ў 50 рублёў ацанілі адну Снягурку. Але галоўнай каштоўнасцю называюць бабулю ў хустцы. Паводле слоў адной з калекцыянерак, гэта фігурка з набору «Казка пра залатога пеўніка», і каштуе яна ад 40 еўра. Іншая каментатарка ацаніла яе даражэй за 100 рублёў. Цацкі на прышчэпках таксама называлі рэдкімі і каштоўнымі.

«Тут адна дарагая цацка, з-за гэтага і накінуліся: больш за 100 рублёў каштуе бабуля з апошняга шэрагу, будзьце асцярожныя»

«Я б за адну снягурку 50 руб. дала»

«У вас, відаць, забралі перакупшчыкі. Гэта іх даход. Яны паштучна прададуць і, хутчэй за ўсё, за мяжу. У вас сапраўды сярод цацак ёсць каштоўныя асобнікі – у ніжнім шэрагу дзве справа і дзве злева. Я не ведаю, колькі яны каштуюць, але яны рэдкія. У верхнім шэрагу злева домік і ў другім шэрагу домік – таксама рэдкія»

«Божачкі, мілы аўтар, калі б я бачыла, дала б 150 рублёў і павезла іх на сваю ёлку. У мяне якраз разбіліся два такія ледзяшы»

Хтосьці суцяшаў прадаўшчыцу: каштоўная цацка тут адна, астатнія лёгка знайсці па 1–5 рублёў, а з завышанай цаной набор можна і ўвогуле не прадаць. Іншыя прызналіся, што свае цацкі захоўваюць і не аддадуць ні за якія грошы, а хтосьці дзесяць гадоў таму выкінуў цэлую скрыню.

Сама прадаўшчыца не шкадуе: «70 руб. мне нармальна за гэта ўсё».


Колькі просяць за старыя цацкі на “Куфары”

На Куфары старыя ёлачныя цацкі – зусім не рэдкасць. Іх часта выстаўляюць па 1–5 рублёў за штуку. Але ёсць і дарагія лоты.

Набор у Гомелі за 250 рублёў:

Крыніца: kufar.by/item/1095710482

Мінскі камплект за 200 рублёў:

Крыніца: kufar.by/item/1096463794

Такі набор цацак 1960-х – 1970-х ацанілі ў 160 рублёў:

Крыніца: kufar.by/item/1096526094

Рэдкія асобнікі прадаюць паштучна: так, за непрыкметны, здавалася б, «домік» просяць 50 рублёў, за «першы спадарожнік» 55.

Крыніца: kufar.by/item/1095446326

Рэкорд сярод свежых аб’яў на сённяшні дзень – дзве чалавечыя фігуркі, кожная з якіх прадаецца па 200 рублёў. Матэрыял і год выпуску не пазначаны.

Крыніца: kufar.by/item/1095111885