Беларусам у 2027 годзе давядзецца больш папрацаваць

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўстанавіла разліковыя нормы працоўнага часу на 2027 год пры яго поўнай працягласці. Праз тое, што большасць святочных дзён прыпадаюць на выхадныя, папрацаваць давядзецца больш. Нормы працоўнага часу ўстаноўлены пастановай міністэрства №81 ад 6 кастрычніка.

Норма на наступны год складае:

  • для 5-дзённага працоўнага тыдня — 2024 гадзіны ў год,
  • для 6-дзённага працоўнага тыдня — 2019 гадзін у год.

У параўнанні з 2026 годам норма пры 5-дзённым тыдні павялічылася на 26 гадзін, а пры 6-дзённым — на 12.

“Разліковая норма працоўнага часу на 2027 год устаноўлена зыходзячы з поўнай нормы працягласці працоўнага часу 40 гадзін на тыдзень і разлічана для пяцідзённага працоўнага тыдня зыходзячы з працягласці штодзённай працы ў працоўныя дні з панядзелка па пятніцу 8 гадзін, а ў працоўныя дні, якія непасрэдна папярэднічаюць святочным дням, – 7 гадзін.

Для шасцідзённага працоўнага тыдня – зыходзячы з працягласці штодзённай працы ў працоўныя дні з панядзелка па пятніцу 7 гадзін, у суботу – 5 гадзін, а ў працоўныя дні, якія непасрэдна папярэднічаюць святочным дням, – 6 і 4 гадзіны адпаведна”, – патлумачылі ў міністэрстве.