Беларуса затрымалі ў Польшчы па справе аб незаконным гандлі самакатамі

Мытна-падатковая служба і Цэнтральнае следчае ўпраўленне паліцыі Польшчы спынілі дзейнасць арганізаванай злачыннай групы, якая займалася анлайн-гандлем электрасамакатамі без выплаты ПДВ.

Падчас ператрусу вынята больш за 57 тыс. сродкаў персанальнай мабільнасці на суму 156 млн злотых (каля 40 млн долараў). Сума нявыплачаных падаткаў ацэньваецца ў 162 млн злотых (каля 41 млн долараў).

Аперацыя была праведзена ў кастрычніку ў Мазавецкім ваяводстве, ператрусы прайшлі на пяці складах, у офісах і кватэрах падазраваных. Акрамя самакатаў, былі вынятыя камп’ютары, тэлефоны, назапашвальнікі даных, фотаэлектрычная ўстаноўка, батарэі і інш. На рахунках арыштаваныя сродкі на суму больш за 5 млн злотых. Акрамя таго, арыштаваныя шэсць легкавых аўтамабіляў і два грузавікі. У аднаго з фігурантаў на гарышчы і ў маразільнай камеры былі выяўленыя 700 тыс. злотых і 300 тыс. злотых наяўнымі.

Падчас аперацыі затрыманыя 16 чалавек, у тым ліку грамадзянін Беларусі, дзевяць грамадзян Польшчы і шэсць грамадзян Кітая. Ім выстаўленыя абвінавачанні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, адмыванні грошай і падатковых злачынствах.

Суд змясціў васьмярых фігурантаў пад варту, астатнія засталіся на волі. Яны знаходзяцца пад паліцэйскім наглядам альбо вызваленыя пад заклад.

Якая роля грамадзяніна Беларусі ў справе, не раскрываецца. Таксама не паведамляецца, якая мера стрымання прынятая ў дачыненні да яго.

Польскія следчыя не выключаюць далейшых арыштаў.

Фота: CAS і CBSP
Фота: CAS і CBSP
Фота: CAS і CBSP
Фота: CAS і CBSP
Фота: CAS і CBSP
Фота: CAS і CBSP
Фота: CAS і CBSP
Фота: CAS і CBSP