Беларуса з падробленымі нарыхтоўкамі для цыгарэтных пачкаў затрымалі ў Польшчы

Польскія мытнікі перахапілі партыю падробленых нарыхтовак для цыгарэтных пачкаў на польска-літоўскай мяжы, паведамляе аддзяленне падатковай адміністрацыі ў Беластоку.

Аўтамабіль спынілі на трасе каля мяжы для праверкі. За рулём машыны быў 60-гадовы грамадзянін Беларусі.

Паводле дакументаў, у машыне перавозілася папера, але замест заяўленага грузу мытнікі выявілі амаль 2,3 млн нарыхтовак для цыгарэтных пачкаў і 253 рулоны коркавых нарыхтовак для фільтраў. На іх былі нанесены ахоўныя таварныя знакі цыгарэтных брэндаў.

Кошт тавару ацэньваецца ў 720 тысяч злотых (181 тысячу долараў). Нарыхтоўкі канфіскавалі і даставілі на склад. Распачата расследаванне. Кіроўцу дапыталі.