Беларуса прыгаварылі да папраўчых работ за адмову ад вайсковых збораў па рэлігійных перакананнях

Мінчука Яўгена Шведава, які вызнае веру Сведкаў Іеговы, прыгаварылі да шасці месяцаў папраўчых работ з утрыманнем 20% заробку на карысць дзяржавы. Яго судзілі за адмову ўдзельнічаць у вайсковых зборах па рэлігійных перакананнях, паведамляе «Хрысціянская візія» са спасылкай на праваабарончую арганізацыю Forum 18.

У красавіку і маі 2023 года і ў жніўні 2025 года Шведаў атрымліваў вызваленне ад збораў па рэлігійных падставах. Але 7 кастрычніка 2025 года, калі мужчына з’явіўся на зборны пункт і патлумачыў прычыны адмовы ад вайсковай падрыхтоўкі, чыноўнікі вусна адмовіліся даць вызваленне і выклікалі міліцыю. У снежні 2025 года ў дачыненні да Шведава была распачата крымінальная справа па артыкуле 436 КК.

13 красавіка 2026 года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Шведава вінаватым і прыгаварыў да 6 месяцаў папраўчых работ. 16 чэрвеня Мінскі гарадскі суд адхіліў яго апеляцыю, пасля чаго прысуд уступіў у законную сілу. Вернік падаў касацыйную скаргу, а таксама аспрэчыў першапачатковае рашэнне аб прызыве на зборы.

Альтэрнатыўная грамадзянская служба існуе ў Беларусі з 2016 года і не распаўсюджваецца на рэзервістаў. Як патлумачылі прадстаўнікі Сведкаў Іеговы, да моманту ўвядзення альтэрнатыўнай службы Шведаў ужо перавысіў узрост, які дазваляе скарыстацца гэтым правам.