Беларуса і замежніка аштрафавалі за правоз валюты без дэкларацыі

Суд Маскоўскага раёна Брэста вынес абвінаваўчы прысуд 34-гадоваму жыхару Маладзечна і 44-гадоваму замежніку. Яны прызнаныя вінаватымі ў незаконным перамяшчэнні праз мяжу наяўных грошай у буйным памеры пры садзейнічанні памагатага.

Ім прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 400 БВ (18 тыс. рублёў) кожнаму. Таксама суд канфіскаваў грошы, якія яны спрабавалі перамясціць праз мяжу, у памеры, што перавышае дазволены.

Паводле інфармацыі пракуратуры, замежнік у жніўні гэтага года спрабаваў перавезці праз мяжу 42 тыс. долараў без дэкларавання. Для гэтага ён пакінуў пры сабе дазволеную суму ў 10 тыс. долараў, а астатняе перадаў кіроўцу аўтобуса, паабяцаўшы ўзнагароджанне за правоз.

“Схаваўшы перададзеныя грашовыя сродкі ў кішэні і пад гумку шортаў, кіроўца накіраваўся праходзіць мытны кантроль. Аднак яго знешні выгляд і змесціва кішэняў выклікалі падазрэнне ў супрацоўнікаў мытні, у сувязі з чым быў праведзены мытны агляд. Пры аглядзе металадэтэктарам у кіроўцы з шортаў выпала купюра. Падчас далейшага агляду былі выяўлены і астатнія схаваныя ім грашовыя сродкі, пасля чаго ён прызнаўся ў крыніцы іх атрымання”, – расказалі ў пракуратуры.