Фото: podlaski.strazgraniczna.pl
У Падляскім ваяводстве Польшчы ў рамках расследавання справы аб кантрабандзе цыгарэт з Беларусі пры дапамозе метэазондаў затрыманы чатыры чалавекі: грамадзянін Беларусі і трое грамадзян Польшчы.
Затрыманні прайшлі 9 верасня. Беларуса затрымалі ў аэрапорце Варшавы, двух палякаў — у Беластоку, аднаго — у пункце пропуску Кузніца на польска-беларускай мяжы, паведамляе Памежная служба Польшчы.
Затрыманым выстаўлены абвінавачанні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе і кіраўніцтве групай, якая займалася перакідваннем цыгарэт з Беларусі ў Польшчу пры дапамозе метэазондаў, іх перавозкай, захоўваннем і збытам. Таксама выстаўлены абвінавачанні паводле закона аб спецыяльных мерах у сферы супрацьдзеяння падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароны нацыянальнай бяспекі.
Расследаванне мае шматэпізодны характар. З пачатку расследавання абвінавачанні былі выстаўлены больш як 150 падазраваным.
У дачыненні да затрыманых абраны меры стрымання ў выглядзе паліцэйскага нагляду, забароны на выезд, а таксама прыменены маёмасныя паручыцельствы ў памеры 10 тысяч (2700 долараў) і 20 тысяч злотых (5400 долараў).