У Пураўскім раёне Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расіі грамадзяніну Беларусі прызначылі штраф у памеры 300 тысяч расійскіх рублёў па справе аб парушэнні патрабаванняў прамысловай бяспекі. З-за выбуху і пажару на Фестывальным радовішчы работнікі падрадных арганізацый атрымалі цяжкія траўмы, паведаміла раённая пракуратура.
Аварыя адбылася ўвечары 10 мая 2025 года. Буравая брыгада пад кіраўніцтвам абвінавачанага спрабавала вызваліць буравое абсталяванне, якое захрасла.
Паводле даных пракуратуры, пры з’яўленні прыкмет паступлення газу, вады і нафты ў свідравіну кіраўнік работ своечасова не прыняў мер для герметызацыі яе вусця і не спыніў выманне абсталявання. У выніку адбыліся выбух і ўзгаранне.
Работнікі падрадных арганізацый атрымалі апёкі і пераломы, кваліфікаваныя як цяжкая шкода здароўю. Пажар таксама прычыніў шкоду шасці прадпрыемствам. Колькасць пацярпелых і сума шкоды ў паведамленні не пазначаныя.
Суд прызнаў беларуса вінаватым паводле ч. 1 арт. 217 КК РФ — парушэнне патрабаванняў прамысловай бяспекі небяспечных вытворчых аб’ектаў. Акрамя штрафу, яму забаранілі займаць кіруючыя пасады на прадпрыемствах, якія працуюць з такімі аб’ектамі. Тэрмін забароны пракуратура не ўдакладніла.
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу. Справу расследавала ўпраўленне Следчага камітэта Расіі па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.