Изображение: Бюро 1440
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі збіраецца ўкараняць расійскую сістэму спадарожнікавага інтэрнэту ў спецыяльных органах. Пра гэта ў інтэрв’ю СТБ расказаў першы намеснік кіраўніка Мінсувязі Павел Ткач.
“Апошні запуск быў пару месяцаў таму ў «Рассвета». Як толькі яны павялічаць групоўку да ўзроўню забеспячэння бесперапыннасці і захавання якасці, гэтую паслугу можна будзе сапраўды рэалізаваць як камерцыйную, у тым ліку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. І зусім нядаўна некалькі прылад было перададзена для тэсціравання”, – сказаў ён.
Партнёрам расійскай кампаніі “Бюро 1440”, якая развівае сістэму, у Беларусі з’яўляецца “Белінтэрсат”. Нядаўна расійскі бок анансаваў хуткі пачатак тэсціравання сувязі ў нашай краіне.
Паводле слоў Ткача, першымі спажыўцамі на тэрыторыі Беларусі будуць спецыяльныя органы, напрыклад МНС.
“Пакуль мы іх разглядаем у спецыяльных органах. У прыватнасці, гэта можа быць выкарыстана ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. Успомнім ураган у Гомелі, калі Мазыр амаль тыдзень быў без электрычнасці. І праблема аднаўлення ўсіх сетак, уборка дрэў, разбурэнняў – без сувязі было вельмі складана ўсё гэта каардынаваць. А наша сувязь, на жаль, да таго часу, пакуль яшчэ была электрычнасць і акумулятары трымалі, працавала. Потым акумулятары даводзілася ўжо перазараджаць. Так, мы выязджалі, перазараджалі, але гэтага не хапала.
Гэта прылада дазваляе сапраўды прыехаць у поле, разгарнуць тэрмінал і атрымаць сувязь, няхай гэта будзе інтэрнэт, відэасувязь, тэлефанія. Распрацоўка, на нашу думку, сучасная, прагрэсіўная, адпавядае сусветным стандартам. Больш за тое, там выкарыстоўваюцца пэўныя тэхналогіі, якіх няма ў таго ж Starlink”, – сказаў ён.
У далейшым плануецца і грамадзянскае прымяненне, але Ткач лічыць, што пра індывідуальных спажыўцоў гаворка ўсё роўна не ідзе.
“Мяркуем, што наступнае абсталяванне, якое будзе перададзена, – мы ўжо паглядзім на магчымасць яго прымянення ў грамадзянскіх мэтах для забеспячэння сувязі. Зразумела, што спадарожнікавая сувязь даражэйшая, чым валаконна-аптычная, таму напэўна гэта будзе не для фізічных асоб. Хутчэй за ўсё, для прадпрымальнікаў, у якіх ёсць сядзібы, вакол лес, ворныя палі, якія нельга капаць. І, адпаведна, калі гэта на камерцыйных умовах, ён можа плаціць крыху больш, чым звычайная фізічная асоба”, – сказаў ён.