Беларусь збіраецца пастаўляць у Нікарагуа дзіцячае харчаванне і лекі

Беларусь збіраецца пастаўляць у Нікарагуа дзіцячае харчаванне і лекі. Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Аляксандр Ягораў перад сустрэчай з саветнікам супрэзідэнтаў Нікарагуа па пытаннях інвестыцый, гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва Лаўрэана Артэгам Мурыльё.

«Спачатку пробная пастаўка тэхнікі — 10 аўтамабіляў МАЗ. Нікарагуанцы вывучылі гэтую тэхніку, зразумелі плюсы і мінусы, мы дапрацавалі гэтую тэхніку і заключылі вялікі інвестыцыйны кантракт. Гэта аснова, на якой можна далей будаваць адносіны з краінай. Далей на гэты буйны кантракт мы пачынаем нанізваць больш дробныя, перш за ўсё пастаўку пажарнай тэхнікі.

Гэта меншая сума, гэта спецыялізаваная тэхніка, якую ў вялікім аб’ёме не купіш, але, тым не менш, гэта таксама важны напрамак экспарту. Далей развіваецца ўжо сацыяльная сфера, таксама звязаная з машынабудаваннем, — гэта пастаўка машын хуткай дапамогі, кантракт на якую быў падпісаны падчас папярэдняга візіту дэлегацыі Нікарагуа ў Мінск на выставу „ІНАПРАМ. Беларусь“», — расказаў Ягораў, перадае БелТА.

Далейшыя напрамкі — пастаўкі лекаў і дзіцячага харчавання.

«Другі напрамак — пастаўкі дзіцячага харчавання. Па якасці беларускае дзіцячае харчаванне не саступае найлепшым сусветным брэндам, а па цане істотна ніжэйшае за еўрапейскую ці амерыканскую прадукцыю. Таму для нікарагуанцаў, у якіх ёсць асобная праграма школьнага харчавання, харчавання немаўлят, вылучаюцца адпаведныя бюджэтныя грошы, гэта таксама перспектыўны напрамак. Таксама бяром у прапрацоўку, думаю, што гэта будзе істотны аб’ём паставак. Прычым тут ужо не спатрэбяцца крэдытныя грошы, таму што гэта існыя аперацыйныя выдаткі ўрада Нікарагуа», — дадаў ён.

Трэба адзначыць, што да гэтага тэхніка пастаўлялася за кошт экспартных крэдытаў, якія выдаваў беларускі бок.

У далейшым Нікарагуа збіраюцца прапанаваць яшчэ і аўтобусы.