Максим Рыженков на трибуне ООН. 26.09.2026. Скриншот трансляции.
Беларусь збіраецца правесці ў снежні першы раўнд кансультацый па Еўразійскай Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. Пра гэта ў Маскве на Міжнародным форуме забеспячэння калектыўнай бяспекі заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.
“Хацеў бы таксама звярнуць увагу, што зусім хутка ў снежні мы ў сябе ў Беларусі арганізуем першы раўнд кансультацый тых краін, якія падтрымалі Беларусь і Расію ў пытанні выпрацоўкі вось гэтай хартыі. Запрашаю, карыстаючыся выпадкам, прадстаўнікоў усіх дзяржаў, якія тут прысутнічаюць і падзяляюць прынцыпы нашай хартыі”, – цытуе яго ТАСС.
Рыжанкоў таксама не прамінуў папракнуць краіны Еўрасаюза.
“Выбудоўваючы наогул бяспеку ў нашым Еўразійскім рэгіёне, даводзіцца канстатаваць, што сёння нам даводзіцца, увогуле, гэтым займацца пакуль без актыўнага ўдзелу краін Еўрапейскага саюза”, – сказаў ён.
На яго думку, ЕС прытрымліваецца “палітыкі самаізаляцыі”, але яе давядзецца пераадолець.
“Як нам уяўляецца, тыя працэсы, дастаткова крызісныя, якія сёння адбываюцца ў Еўропе, яны вымусяць рана ці позна краіны Еўрапейскага саюза звярнуцца да нашай агульнай тэмы”, – сказаў ён.
Рыжанкоў падкрэсліў, што Мінск адказвае палітыка-дыпламатычнымі крокамі на агрэсіўныя паводзіны суседзяў.
“Мы адказваем на ўсю гэтую мілітарызацыю па перыметры нашых межаў, у тым ліку на польскія планы стварыць самую вялікую армію ў Еўропе, планы балтыйскіх краін, планы ўкраінскага боку па стварэнні так званых нацыянальных беларускіх фарміраванняў на сваёй тэрыторыі, якія сёння дзейнічаюць супраць Расіі, а ў будучыні ім рыхтуецца роля магчымай “барацьбы” ў двукоссі за “дэмакратыю” ў Беларусі. Дык вось, мы адказваем на ўсё гэта таксама палітыка-дыпламатычнымі метадамі”, – адзначыў ён.