Беларус паказаў, як у Мінскім кулінарным каледжы вучаць карыстацца калькулятарам

Пакуль беларускі рынак працы трасе ад штучнага інтэлекту, а айцішнікі, капірайтары і дызайнеры гадаюць, каго нейрасеткі заменяць наступным, у Мінскім кулінарным каледжы ўсё стабільна. Беларус у сваім Threads паказаў канспект трэцякурсніка па прадмеце «Калькуляцыя і ўлік», дзе ва ўсіх падрабязнасцях запісана, як карыстацца калькулятарам.

«Калі хтосьці раптам не ведаў, што праходзяць на 3-м курсе ў кулінарным каледжы», – так ён падпісаў фота.

Крыніца фота: threads.com/@donserleone

Тэма занятку — «Прызначэнне калькулятара». Акуратным почыркам у сшытку выведзена: гэта «электронная вылічальная прылада або праграма для выканання аперацый над лікамі».

Будучыя кухары на занятку даведаліся, што калькулятар складаецца з вадкакрышталічнага індыкатара, клавіш уводу і аперацыйных клавіш. Ёсць нават схема працы: ад клавіятуры праз памяць і мікрапрацэсар да экрана. Асобна зафіксавана, што клавішамі ўводу набіраюць лічбы ад 0 да 9 і коску, а аперацыйныя адказваюць за чатыры арыфметычныя дзеянні і вывад выніку. Не забытая і кнопка скіду: яна, да ведама навучэнцаў, абазначаецца па-рознаму — то AC, то ON.

Сама па сабе «Калькуляцыя і ўлік» — зусім не лішняя дысцыпліна: кухарам даводзіцца лічыць сабекошт страў і расход прадуктаў. Але, мяркуючы па канспекце, выкладчык вырашыў пачаць здалёк.