Беларус паказаў, як магла б выглядаць Нацыянальная бібліятэка на Helloween. Людзі ў захапленні

Мінчанін апублікаваў відэа, дзе Нацыянальная бібліятэка з дапамогай святлодыёдаў на фасадзе ператвараецца ў хэлоўінскі гарбуз.

За суткі відэа ў Threads набрала 2,4 тысячы лайкаў, а ў каментарыях многія засмучаліся, што гэта ўсяго толькі ШІ-генерацыя. Сімптаматычна для краіны, у якой свята было абвешчана непажаданым, а тэматычны касцюм у публічным месцы можа стаць падставай для ўвагі міліцыі. Зрэшты, ідэя спадабалася не ўсім.

Светлавы фасад Нацыянальнай бібліятэкі – гэта цалкам афіцыйная рэкламная пляцоўка. Тут рэкламаваліся і спіртныя напоі, і букмекерскія канторы, але сімволіка Helloween наўрад ці можа там з’явіцца. Яшчэ ў снежні 2022 года Савет міністраў забараніў праводзіць у навучальных і адукацыйных установах мерапрыемствы, якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям беларусаў, і Helloween, на думку ўладаў, якраз такое мерапрыемства.

Хоць дакумент датычыўся толькі ўстаноў адукацыі і культуры, беларусы ўжо прывыклі да таго, што тэматычны касцюм у публічным месцы можа стаць падставай для ўвагі міліцыі.

«31-га хочам пафатаграфавацца ў гонар Хэлоўіна (у тэматычных касцюмах) – ці могуць за гэта даць штраф?» – цікавіцца беларуска з нікам lolita_5t.

«Летась спынялі. […] Знаёмая дзяўчына была вымушана зняць частку касцюма […] і паехала дадому» – адказвае ёй карыстальнік jerrelinmarkins.

Кожны год у афіцыйных лістах улады пацвярджаюць курс на «культурнае імпартазамяшчэнне», і 2026-ты не стаў выключэннем: Кобрынскі выканкам параіў арганізацыям устрымацца ад святкаванняў, назваўшы Helloween «заляцаннем з цёмнымі сіламі, услаўленнем смерці і адыходам ад хрысціянскай традыцыі», а таксама прапагандай «агрэсіі і асацыяльных паводзін».

Фота: @virtualbrest, Threads.com.

Нягледзячы на гэта, традыцыя Helloween блізкая захаду Беларусі, які ў канцы кастрычніка адзначае Дзяды – абрад памінання памерлых продкаў. У ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада могілкі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей напаўняюцца свечкамі і лампадамі, што выклікае містычныя пачуцці ў недасведчаных.