Беларусь не падтрымала рэзалюцыю ААН супраць гвалту ў дачыненні да жанчын

17 лістапада на пленарным пасяджэнні Трэцяга камітэта 81-й Генеральнай асамблеі ААН адбылося галасаванне па праекце рэзалюцыі «Актывізацыя намаганняў у мэтах папярэджання і ліквідацыі ўсіх формаў гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак» (A/C3/81/L16/F1). Беларусь была ў ліку шасці краін, якія ўстрымаліся ад галасавання.

За рэзалюцыю прагаласавалі 175 краін. Адна краіна — Самалі — прагаласавала супраць. Устрымаліся Аргенціна, Беларусь, Буркіна-Фасо, Камерун, Расія і ЗША.

Пасля галасавання прадстаўнік Беларусі заявіў, што Мінск не падтрымлівае рэзалюцыю ў яе цяперашнім выглядзе з-за спрэчных фармулёвак, «якія адлюстроўваюць інтарэсы толькі асобных арганізацый». Беларусь таксама назвала перагаворны працэс пры падрыхтоўцы дакумента нетранспарэнтным і неканструктыўным.

«Мы глыбока расчараваныя тым, што рэзалюцыя зноў выкарыстоўваецца як інструмент прасоўвання спрэчнага парадку дня, уключаючы палажэнне аб гендарнай ідэалогіі, сексуальнай аўтаноміі дзяўчынак, усёабдымнай сексуальнай адукацыі, абортах і пераглядзе традыцыйных падыходаў да пытанняў сям’і.

Лічым непрымальным патрабаванне прыняцця ўсімі дзяржавамі заканадаўства ў дачыненні да так званых гендарна абумоўленых забойстваў без належнага ўліку нацыянальных прававых сістэм і існуючых падыходаў», — заявіў прадстаўнік Беларусі.

Беларусь заявіла, што будзе трактаваць палажэнні рэзалюцыі, якія лічыць спрэчнымі, у адпаведнасці са сваім нацыянальным заканадаўствам.

Прынятая рэзалюцыя прысвечана прадухіленню і выкараненню ўсіх формаў гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак. Асаблівая ўвага надаецца гендарна абумоўленым забойствам жанчын і дзяўчынак, уключаючы феміцыд. Рэзалюцыя заклікае дзяржавы не толькі расследаваць выпадкі гвалту ў дачыненні да жанчын, але і ліквідаваць яго прычыны.

Фота: x.com/EUatUN