Беларусь і РФ ухвалілі задуму вучэння “Шчыт Саюза – 2027”

Міністры абароны Беларусі і Расіі Віктар Хрэнін і Андрэй Белавусаў на пасяджэнні сумеснай калегіі ведамстваў ухвалілі задуму сумеснага аператыўнага вучэння “Шчыт Саюза – 2027”.

“Важным напрамкам узаемадзеяння застаецца аператыўная і баявая падрыхтоўка ўзброеных сіл Беларусі і Расіі. Галоўным мерапрыемствам у наступным годзе стане сумеснае аператыўнае вучэнне “Шчыт Саюза – 2027″, якое заклікана прадэманстраваць рашучасць і здольнасць сумесна адстойваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашых дзяржаў, забяспечыць далейшае ўдасканаленне сістэмы ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы”, – сказаў Хрэнін.

Як звычайна, ён падкрэсліў, што вучэнне будзе мець абарончы характар.

Звычайна вучэнні “Шчыт Саюза” праводзяцца на тэрыторыі Расіі. Іх чаргуюць з манеўрамі серыі “Захад”, якія праходзяць у Беларусі. Папярэдні раз “Шчыт Саюза” праводзіўся ў РФ у 2023 годзе. У 2025-м у Беларусі прайшло вучэнне “Захад”.