Беларусь і Расія падпісалі мемарандум аб будаўніцтве высакахуткаснай чыгуначнай магістралі

Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Ляхновіч і яго расійскі калега Андрэй Нікіцін падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве па будаўніцтве высакахуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Мінск. Падпісанне адбылося на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Мінску, паведамілі ў прэс-службе беларускага Мінтранса.

Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва пры праектаванні, будаўніцтве і наступнай эксплуатацыі высакахуткаснай магістралі. Бакі маюць намер каардынаваць працу, абменьвацца досведам, развіваць прамысловую кааперацыю і рыхтаваць кадры для праекта. У ведамстве чакаюць, што рэалізацыя высакахуткаснай магістралі павінна стаць стымулам для развіцця дзелавой актыўнасці, гандлю, інвестыцый і турызму паміж дзвюма краінамі.

Паводле слоў Нікіціна, працягласць будучай магістралі складзе каля 700 км, а час у дарозе паміж Масквой і Мінскам — каля трох гадзін, піша ТАСС. «Российские железные дороги» пачынаюць працу над папярэднім тэхнічным абгрунтаваннем праекта. Пасля фарміравання тэхналагічнага і праектнага партнёрства з Беларуссю бакі будуць абмяркоўваць пытанне падрадчыкаў.

Акрамя таго, з 2 красавіка паміж Беларуссю і Расіяй курсіруюць прыгранічныя цягнікі Смаленск — Віцебск і Смаленск — Орша. У Мінтрансе заявілі, што пілотныя праекты паказалі вынікі, «значна вышэйшыя» за прагнозы. Па выніках года плануецца разгледзець магчымасць пашырэння чыгуначных зносін.

Паводле слоў прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына, за 8 месяцаў 2026 года тавараабарот Беларусі і Расіі вырас больш чым на 20%.