Беларусь і Расія абмеркавалі «пытанні дыпламатычнага суправаджэння»

20 лістапада ў Мінску намеснік міністра замежных спраў Беларусі Павел Уцюпін сустрэўся з намеснікам міністра замежных спраў Расіі Міхаілам Галузіным.

Як паведамляе МЗС Беларусі, бакі абмеркавалі «актуальныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва, графік будучых кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях, а таксама падрыхтоўку да сумеснага пасяджэння калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі».

МЗС РФ паведаміў, што дыпламаты абмяркоўвалі актуальныя пытанні дыпламатычнага суправаджэння расійска-беларускага супрацоўніцтва і інтэграцыйнага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, а таксама графік будучых кантактаў і пашырэнне дыпламатычнай прысутнасці.

«Бакі «зверылі гадзіннікі» па тэматыцы міжмзсаўскага ўзаемадзеяння, уключаючы ўзаемнае пашырэнне дыпламатычнай прысутнасці і падрыхтоўку будучага 25 лістапада ў Гомелі сумеснага пасяджэння калегій МЗС Расіі і МЗС Беларусі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МЗС РФ.

Бакі таксама абмяняліся меркаваннямі па шэрагу міжнародных праблем.

Галузін прыязджаў у Мінск для сустрэчы са спецпрадстаўніком прэм’ер-міністра Грузіі па сувязях з Расіяй, першым намеснікам міністра замежных спраў Грузіі Георгіем Зурабашвілі. Перамовы прайшлі 19 лістапада ў рамках «адноўленага прамога расійска-грузінскага дыялогу», заявіў МЗС РФ. Абодва бакі падзякавалі Беларусі за садзейнічанне ў арганізацыі сустрэчы.