Беларусь і Расія абмеркавалі паглыбленне эканамічнай інтэграцыі

Беларусь і Расія абмеркавалі пашырэнне знешняга гандлю ЕАЭС з трэцімі краінамі, стварэнне новых зон свабоднага гандлю і развіццё супрацоўніцтва СНД з дзяржавамі Афрыкі. Гэтыя пытанні разглядаліся 12 лістапада на міжмзсаўскіх кансультацыях у Маскве.

Беларускую дэлегацыю ўзначаліў дырэктар Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Андрэй Пракапчук, расійскую – дырэктар першага дэпартамента краін СНД МЗС Расіі Мікаэл Агасандзян.

Бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне ў рамках СНД, ЕАЭС і АДКБ, узгадненне інтэграцыйных працэсаў і выпрацоўку агульных падыходаў да “рэагавання на сучасныя выклікі”. Таксама ішла гаворка пра паглыбленне эканамічнай інтэграцыі, павышэнне эфектыўнасці галіновых органаў СНД і пашырэнне гуманітарнага супрацоўніцтва ў рамках СНД.

Прадстаўнікі дзвюх краін таксама разгледзелі меры па ўмацаванні міжнародных пазіцый СНД і развіцці сувязяў у фармаце «СНД плюс» з “дружалюбнымі краінамі”, міжнароднымі арганізацыямі і інтэграцыйнымі аб’яднаннямі, у тым ліку ў Афрыцы.

Бакі разгледзелі магчымасці пашырэння знешняга гандлю ЕАЭС з трэцімі краінамі, уключаючы стварэнне новых зон свабоднага гандлю і дыверсіфікацыю экспарту.

Удзельнікі кансультацый абмеркавалі вынікі пасяджэнняў Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, Савета міністраў замежных спраў АДКБ і Міжнароднага форуму забеспячэння калектыўнай бяспекі, якія адбыліся напярэдадні ў Маскве. Яны ўзгаднілі напрамкі сумеснай працы па рэалізацыі прынятых рашэнняў.

Па выніках сустрэчы прадстаўнікі Беларусі і Расіі вызначылі прыярытэтныя задачы міжведамаснага ўзаемадзеяння на сярэднетэрміновую перспектыву, паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС.