Беларусь хоча пашырыць дыпламатычную прысутнасць у Тайландзе

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў абмеркаваў з кіраўніком МЗС Тайланда Сіхасакам Фуангкеткеау развіццё палітычных і гандлёва-эканамічных сувязей дзвюх краін. Сустрэча адбылася 12 верасня ў Нью-Дэлі напярэдадні саміту БРІКС, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

Бакі дамовіліся правесці чарговы раўнд міжмзсаўскіх палітычных кансультацый у Тайландзе і першае пасяджэнне Сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў Мінску. Таксама абмяркоўвалася пашырэнне дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў Тайландзе.

Беларусь і Тайланд дамовіліся падтрымліваць узаемныя інтарэсы на пляцоўках ЕАЭС і АСЕАН і абмеркавалі напрамкі супрацоўніцтва ў рамках БРІКС.

Гаворачы пра гандаль, бакі адзначылі ўзаемадапаўняльнасць эканомік. Беларусь разлічвае пастаўляць у Тайланд харчаванне і сельскагаспадарчую прадукцыю, а Тайланд можа экспартаваць у Беларусь морапрадукты і экзатычную садавіну, а таксама інвеставаць у гасцінічны бізнес і рознічны гандаль.

Паводле даных беларускага МЗС, за апошнія паўгода Тайланд наведалі больш за 20 тысяч беларускіх турыстаў. З 28 кастрычніка «Белавія» плануе запусціць прамы рэйс Мінск-Бангкок.

“Заключэнне пагадненняў аб узаемным вызваленні ад візавых патрабаванняў і аб авіязносінах, працу над якімі бакі дамовіліся завяршыць у найбліжэйшы час, таксама заклікана спрасціць узаемныя паездкі”, – заявілі ў ведамстве.

Рыжанкоў запрасіў свайго тайскага калегу наведаць Мінск, запрашэнне было прынята.

У рамках візіту ў Індыю Рыжанкоў таксама сустрэўся з прадстаўнікамі індыйскага бізнесу і Гандлёва-прамысловай палаты. Акрамя таго, адбыліся кантакты з прадстаўнікамі краін-членаў і партнёраў БРІКС.

У прыватнасці, прэзідэнт Інданезіі Прабова Субіянта, прэм’ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед Алі і прэм’ер-міністр В’етнама Ле Мінь Хынг выказалі ўдзячнасць за развіццё адносін з Беларуссю і перадалі пажаданні Аляксандру Лукашэнку, гаворыцца ў прэс-рэлізе.

На сустрэчах з кіраўнікамі МЗС Бахрэйна, Бразіліі, В’етнама, Казахстана, Уганды і Уругвая абмяркоўваліся зняцце візавых абмежаванняў, праца двухбаковых гандлёва-эканамічных камісій, міжмзсаўскія кансультацыі і ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках.

Рыжанкоў таксама сустрэўся з прэзідэнтам Новага банка развіцця Дылмай Русеф і пацвердзіў намер Беларусі завяршыць працэс далучэння да банка.

На палях саміту міністр даў інтэрв’ю індыйскаму дзелавому выданню The Economic Times.

Фота: t.me/BelarusMFA
Фота: t.me/BelarusMFA
🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!