“Белаграпрамбанк” і “Беларусбанк” атрымаюць кампенсацыю страт па крэдытах на нарыхтоўку стабілізацыйных фондаў

Савет міністраў Беларусі пастановай №560 ад 30 кастрычніка распарадзіўся кампенсаваць “Беларусбанку” і “Белаграпрамбанку” страты ад прадастаўлення крэдытаў, якія накіроўваюцца на фарміраванне стабілізацыйных фондаў. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.

Кампенсацыя будзе выплачвацца ў 2026-2027 гадах за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Яна складзе 100% памеру стаўкі рэфінансавання.

Пастанова таксама змяшчае пералік гандлёвых сетак, якія выступаюць атрымальнікамі крэдытаў у якасці арганізацый-нарыхтоўшчыкаў пры стварэнні стабілізацыйных фондаў.

Агульны памер выдадзеных крэдытаў складае 24,6 млн рублёў. Атрымальнікамі крэдытаў з’яўляюцца:

  • ТАА “Еўрагандаль” – 14,47 млн рублёў,
  • ЗАТ “Інтэрнэт-магазін Еўраопт” – 1,01 млн рублёў,
  • ЗАТ “Юніфуд” – 1,42 млн рублёў,
  • УП “БелВілесдэн” – 1,98 млн рублёў,
  • КУП “Гасцінічны комплекс “Наваполацк” – 58,1 тыс. рублёў,
  • ТАА “БелМаркетКомпані” – 959,45 тыс. рублёў,
  • ТАА “Рэсттрэйд” – 591,6 тыс. рублёў,
  • ТАА “Санта Рытэйл” – 3,98 млн рублёў,
  • ААТ “Полацк-гандаль” – 134,26 тыс. рублёў.