БЧ уначы адключыць куплю білетаў анлайн

Беларуская чыгунка папярэдзіла пра часовую недаступнасць анлайн-сэрвісаў для пасажыраў з-за тэхнічных работ. Абмежаванні будуць дзейнічаць 23 кастрычніка з 00:00 да 05:00.

У гэты перыяд на афіцыйным сайце БЧ не будзе працаваць раздзел «Паслугі пасажырам». Таксама ў мабільнай праграме «БЧ. Мой поезд» нельга будзе паглядзець расклад цягнікоў, купіць або вярнуць электронныя білеты на цягнікі з нумараванымі і ненумараванымі месцамі.

Купіць і вярнуць білеты можна будзе ў чыгуначных касах. Аформіць праезд у цягніках з ненумараванымі месцамі таксама можна праз тэрміналы самаабслугоўвання.

Пасажыры, якія ўжо купілі білеты праз сайт БЧ, змогуць паглядзець інфармацыю пра іх у праграме «БЧ. Мой поезд». Для ўваходу трэба выкарыстоўваць даныя ўліковага запісу сайта.

Расклад цягнікоў з нумараванымі месцамі можна будзе даведацца па тэлефоне 105 кантакт-цэнтра БЧ.