Иллюстративное фото: @belwarriors
Беларускага добраахвотніка, які каля двух гадоў ваяваў у складзе палка імя Кастуся Каліноўскага і атрымаў узнагароды за абарону Украіны, прымусова выдварылі з краіны ў Польшчу. Служба бяспекі Украіны палічыла яго «пагрозай нацыянальнай бяспецы», піша «Белсат».
Паводле звестак рэсурсу, гэтаму папярэднічалі некалькі праверак на паліграфе, вынікі якіх выклікалі пытанні ва ўкраінскага боку.
Мужчына, якога выданне называе Віктарам (імя змененае), пакінуў Беларусь у 2022 годзе праз пагрозу пераследу, у тым ліку за допісы ў падтрымку Украіны. Пры садзейнічанні фонду BYSOL ён выехаў за мяжу, пасля атрымаў дадатковую абарону ў Польшчы. Увосень 2023 года ён пачаў служыць у пяхоце палка Каліноўскага, удзельнічаў у баявых дзеяннях на Харкаўшчыне, атрымаў узнагароды «Хоробре серце» ад групоўкі войскаў «Харкаў» і «Україна – понад усе» ад Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны.
Віктар праслужыў агулам каля двух гадоў, у пачатку восені 2025 года звольніўся са службы пасля аперацыі на назе і накіраваўся ў Польшчу для абнаўлення дакументаў. У лютым 2026 года ён вярнуўся ва Украіну, маючы намер працягнуць службу, але ўжо не ў пяхоце праз стан здароўя.
Пры спробе заключыць новы кантракт ён тройчы праходзіў праверку на паліграфе.
«З самага пачатку праверкі на паліграфе ўзніклі цяжкасці, паколькі спецыяліст патрабаваў сядзець нерухома, — кажа Віктар. — Мне гэта цяжка даецца, бо я ўвесь час рухаюся: то рука, то нага, то твар кранаю, то нос чухаю, то міжвольна глыбока ўздыхаю… Але самым цяжкім было патрабаванне глядзець у адну вобласць: я пачынаў засынаць або канцэнтраваўся, каб выканаць патрабаванне, і перад вачыма ўсё дрыжала або плыло».
У паводзінах Віктара западозрылі «наўмыснае супрацьдзеянне». Да Віктара былі і пытанні наконт таго, як працуе яго сэрца пры праверцы на хлусню. Ён тлумачыў, што даўно пакутуе ад брадыкардыі і парушэнняў сардэчнага рытму, меў кантузіі. Узніклі прэтэнзіі і да рэакцыі на пытанні пра стаўленне да спецслужбаў. Віктар тлумачыў, што пасля пратэстаў 2020 года і ўцёкаў з радзімы ў 2022-м не мае сімпатый ні да якіх спецслужбаў. Маўляў, з яго мінулым і не магло быць спакойнай рэакцыі на такія пытанні.
Мужчына задаўся пытаннем, што з ім не так, што ўвесь час узнікаюць праблемы з паліграфам. Западозрыў у сябе посттраўматычнае расстройства і іншыя магчымыя праблемы, бо расстройства сну ў яго пачалося яшчэ пасля трэцяй БР-кі (так украінскія вайскоўцы называюць баявыя распараджэнні). Схадзіў да псіхіятра — атрымаў дыягназ: трывожна-неўратычны сіндром з расстройствам сну. Перадаў гэта рэкрутару. Падчас іншых абследаванняў выявіліся праблемы з эндакрыннай сістэмай, парушэнне абмену рэчываў, павышаная патлівасць, нізкі ўзровень кальцыю і нарэшце — хвароба Фара (кальцыфікацыя ў мяккіх тканках галаўнога мозга і базальных ядрах). А ўсе гэтыя фактары ўплываюць на імпульсы і сігналы цела.
Медыцынскія звесткі, якія маглі патлумачыць асаблівасці яго рэакцый пры праходжанні паліграфа, былі перададзеныя ў СБУ праз амбудсмена.
У лістападзе Віктара выклікалі ў СБУ, дзе азнаёмілі з пастановай аб тым, што яго дзейнасць «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Украіны, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнаму ладу». У дакуменце не ўдакладнялася, пра якую менавіта дзейнасць ідзе гаворка, не згадваліся вынікі праверак на паліграфе і не пазначаўся парадак абскарджання рашэння.
Паводле слоў беларуса, прадстаўнік украінскай контрразведкі заявіў, што мае звесткі пра яго супрацоўніцтва са спецслужбамі. Віктар адхіліў гэтыя абвінавачанні.
Хоць пастанова прадугледжвала выезд з Украіны цягам 10 дзён, беларуса адразу даставілі да польскай мяжы, не дазволіўшы забраць асабістыя рэчы і аўтамабіль. Ва Украіне засталіся і яго баявыя ўзнагароды.
Віктар адзначае, што гэтая гісторыя цягнулася доўга: больш за 9 месяцаў ён «сядзеў на валізках», з іх 4 месяцы — без легальнага статусу ва Украіне. У выніку ён быў вымушаны шукаць часовую працу, «праеў» свае зберажэнні, а нейкі час нават жыў на заробак грамадзянскай жонкі — хоць мог бы служыць на карысць Украіны. Спачатку ён і сам хацеў служыць, а цяпер сумняваецца. Кажа: «Прыйшоў да высновы, што людзі патрэбныя толькі непасрэдным камандзірам, а чым далей ад фронту, тым усім больш абыякава».
Былы намеснік камандзіра палка Каліноўскага, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па пытаннях абароны Вадзім Кабанчук пацвердзіў «Белсату», што Віктар служыў у падраздзяленні. Паводле яго слоў, пра гэтага чалавека добра адгукаюцца як пра байца, ён добра зарэкамендаваў сябе падчас службы.
Павел Шурмей, які камандаваў палком падчас службы Віктара, таксама пацвердзіў, што беларус непасрэдна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях.
«Белсат» накіраваў у СБУ запыт з просьбай пракаментаваць сітуацыю. На момант публікацыі матэрыялу адказ не паступіў.