Выдавецтва «Логвінаў» выдала беларускі пераклад кнігі карэйска-нямецкага філосафа Бён-Чхоль Хана «Дух надзеі: супраць грамадства страху». Кніга ўпершыню выйшла па-нямецку ў 2024 годзе (ням. Der Geist der Hoffnung: Wider die Gesellschaft der Angst) і на гэты момант не мае перакладу, напрыклад, на рускую мову.
Хана называюць «Сартрам для эпохі экранаў» (The New Yorker), «поп-зоркай сацыяльнай крытыкі» (Die Zeit) і «самым чытаным нямецкім філосафам сучаснасці» (El Pais). Ягоныя кнігі засяроджваюцца на крытыцы неалібералізму і трансфармацый, якія адбываюцца з чалавечым жыццём з-за новых інфармацыйных тэхналогій. У «Духу надзеі» ён працягвае крытычны разбор сучаснасці: паказвае, як панаванне апакаліптычных сцэнароў звужае гарызонт будучыні, а мысленне, падпарадкаванае логіцы эфектыўнасці і разліку, губляе здольнасць уяўляць нешта прынцыпова новае.
Адказ Хан знаходзіць у надзеі — не ў аптымізме, які абяцае спрыяльны вынік, а ў здольнасці адкрывацца невядомаму і бачыць магчымасці там, дзе страх малюе тупік. Пры гэтым ён не проста прапануе ўласнае вызначэнне надзеі, а ўступае ў дыялог з класікамі, крытычна пераасэнсоўваючы ідэі Камю, Арэнт, Блоха і іншых мысляроў. Ці сапраўды надзея вядзе да пасіўнасці? Ці, наадварот, без яе немагчымыя ні свабоднае мысленне, ні дзеянне, ні новы пачатак? Для Хана надзея — не ўцёкі ад рэальнасці, а ўмова пераадолення яе наяўных межаў і стварэння лепшай будучыні.
Для беларускага кантэксту разважанні Хана маюць асаблівую актуальнасць. Як захаваць гарызонт будучыні пасля крушэння ранейшых уяўленняў пра яе? Як не падмяніць дзеянне бясконцым чаканнем і не дазволіць нявызначанасці ператварыцца ў апатыю? І што робіць людзей супольнасцю, нават калі іх досведы і абставіны адрозніваюцца?
Гэтыя пытанні не зводзяцца да палітычных адказаў або практычных парад. Кніга прапануе мову і канцэптуальную рамку, каб асэнсаваць нашыя адносіны да будучыні, свабоды і магчымасці сумеснага дзеяння.
Адметнасць беларускага выдання — пасляслоўе Таццяны Шчытцовай «Мы як суб’ект надзеі: ад Захаду да Усходу». Філосафка разглядае інтэлектуальныя вытокі філасофіі Хана і дадае оптыку беларускага досведу, прынамсі, што адбываецца з ідэяй надзеі, калі галоўная крыніца нашага страху — не толькі неаліберальны лад жыцця, але і рэпрэсіі, вайна і вымушаная эміграцыя. Такім чынам, кніга не толькі ўводзіць у беларускую моўную прастору важны твор сучаснай філасофіі, але і стварае прастору для ўласнай рэфлексіі пра надзею, супольнасць і будучыню.
Пераклад з нямецкай мовы выканала Аляксандра Логвінава.
Набыць можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram