Фото: пресс-служба Лукашенко
Старшыня Вярхоўнага суда Андрэй Швед прапанаваў стварыць асобную судовую калегію па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, каб разгрузіць крымінальную калегію.
Швед прывёў статыстычныя даныя: за год у Беларусі рэгіструецца 3,5 млн адміністрацыйных правапарушэнняў, суды разглядаюць каля 150 тысяч адміністрацыйных спраў.
«Штогод у краіне рэгіструецца 3,5 млн адміністрацыйных правапарушэнняў, да адказнасці прыцягваюцца сотні тысяч грамадзян. І далёка не ўсе яны закаранелыя правапарушальнікі. Судамі штогод разглядаецца каля 150 тысяч адміністрацыйных спраў. Яшчэ больш за 3,5 тысячы матэрыялаў — па скаргах і пратэстах на рашэнні аб прыцягненні да адказнасці іншымі дзяржаўнымі органамі, з якіх судамі адмяняецца 50% рашэнняў дзяржорганаў, якія не набылі законную моц, і 95% тых, якія набылі законную моц», — распавёў Швед на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з судзейскім корпусам 19 лістапада.
На думку старшыні Вярхоўнага суда, стварэнне калегіі па адміністрацыйных правапарушэннях дазволіць больш дакладна забяспечваць законнасць пры прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці і разгрузіць крымінальную калегію, якая засяродзіцца на крымінальным судаводстве. Укамплектаваць калегію па адміністрацыйных справах плануецца за кошт наяўнай штатнай колькасці Вярхоўнага суда, без павелічэння колькасці кіраўнікоў і перавыбрання суддзяў.
Паводле слоў Шведа, змены можна рэалізаваць у найкарацейшыя тэрміны.
Лукашэнка запатрабаваў даць яму дэталёвую прапанову і даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыю Крутому разгледзець фінансавае пытанне, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
«Вы ведаеце мае падыходы да гэтага. Лішніх грошай няма, а калі яны ёсць, іх ёсць куды траціць. Унясіце прапанову. Калі трэба, давайце зробім. Калі не, то пачакаем», — заявіў Лукашэнка.