Незалежны лічбавы архіў вернакулярнай фатаграфіі VEHA пачынае працу над другім томам кнігі «Руіны Беларусі» і запрашае дзяліцца здымкамі ХХ стагоддзя з сямейных архіваў, на якіх захаваліся руіны і гістарычныя будынкі Беларусі.
Пасля выдання першага тома «Руін» прайшоў год. За гэты час кніга трапіла ў бібліятэкі па ўсім свеце, атрымала прэмію Najpiękniejsze Polskie Książki 2025, аднаго з найбольш прэстыжных культурных конкурсаў у Польшчы, які з 1957 года арганізуе Польскае таварыства кнігавыдаўцоў. Кніга ўвайшла ў шорт-ліст Fotograficzna Publikacja Roku, і была прадстаўлена на выставах у Muzeum Sztuki Nowoczesnej, Instytut Fotografii Fort і Łódź Fotofestiwal 2026. Гэта не столькі спіс узнагарод, колькі пацвярджэнне таго, што гісторыя, захаваныя ў сямейных альбомах, можа мець значэнне далёка за межамі асобнай сям’і.
Першы том «Руін Беларусі» стаў даследаваннем таго, як фатаграфія можа захоўваць памяць пра месцы, якія знікаюць. У працэсе працы стала зразумела, што матэрыялаў значна большы за магчымасці аднаго выдання. Менавіта таму VEHA пачынае працу над другім томам «Руін Беларусі». Выбар архітэктурных аб’ектаў зноў будзе адбывацца ў непасрэдным узаемадзеянні з людзьмі, якія дашлюць свае фатаграфіі.
Як і ў першым томе, вакол фатаграфій будзе створаны корпус даследчых тэкстаў пра гісторыю і архітэктуру. Тэксты будуць падрыхтаваныя з беларускай перспектывы і апублікаваныя на трох мовах – беларускай, польскай і англійскай. Так кніга зноў злучыць сямейную фатаграфію, візуальную гісторыю і даследаванне архітэктурнай спадчыны Беларусі.
VEHA запрашае дасылаць фатаграфіі, зробленыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 1990 года, на якіх можна ўбачыць руіны гістарычных будынкаў. Гэта могуць быць замкі, сядзібы, цэрквы і касцёлы, сінагогі, млыны, вакзалы і іншыя будынкі. Асаблівую вартасць маюць здымкі, на якіх людзі пазіруюць на фоне руін. Менавіта змяшчэнне фокусу з архітэктуры на чалавека стала адной з асноўных рысаў праекта.
Архіў VEHA збірае толькі лічбавыя копіі, арыгіналы застаюцца ў сям’і.
Копіі можна дасылаць на пошту: archive.veha@gmail.com
***
VEHA – гэта незалежны лічбавы архіў вернакулярнай фатаграфіі ХХ стагоддзя, які збірае і даследуе візуальную гісторыю Беларусі праз сямейныя фотаархівы. Сёння анлайн-архіў змяшчае больш за 3000 унікальных фотаздымкаў з сотняў розных крыніц і рэгулярна папаўняецца новымі матэрыяламі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram