Аранжавы ўзровень небяспекі з-за моцных дажджоў абвешчаны на чацвер

Сёння ўначы ў Беларусі чакаюцца моцныя дажджы. Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.

«24 верасня (чацвер) уначы па ўсходняй палове, раніцай і ўдзень па поўначы рэспублікі чакаюцца моцныя дажджы», — гаворыцца ў папярэджанні.

Заўтра надвор’е ў Беларусі будзе вызначаць цыклон, цэнтр якога перамесціцца з тэрыторыі Украіны ў Пскоўскую вобласць Расіі. Воблачна з праясненнямі. У начныя гадзіны месцамі туман. Вецер паўночна-заходні, заходні ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ўначы +6… +11°С, максімальная ўдзень +10… +16°С.