Сергей Масляк. Фото: БелТА.
Сёння на нарадзе па барацьбе з пасярэднікамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Сяргей Масляк затрыманы за хабар. Апошні раз міністр на публіцы з’яўляўся ў суботу, 7 сакавіка, на “Мінскай лыжні” ў “Раўбічах”.
Чыноўнік да апошняга дэманстраваў лаяльнасць і ўдзельнічаў у прапагандысцкіх мерапрыемствах. Так, 7 сакавіка ён асабіста бег на лыжах у штогадовым спартыўна-масавым мерапрыемстве “Мінская лыжня”. Да нядаўняга часу гэты забег прапаганда выкарыстоўвала для дэманстрацыі “магутнага здароўя” Аляксандра Лукашэнкі, кожны высокапастаўлены чыноўнік імкнуўся пабываць там. З-за гэтага ў народзе яе празвалі “Мінская лізьня”.
Цяпер з-за атлусцення Лукашэнка не ўдзельнічае ў забегах на лыжах, і колькасць міністраў-удзельнікаў паменшылася.
У тэлеграм-канале Мінпрыроды Масляк згадваецца апошні раз 8 сакавіка. Ад яго імя прэс-служба апублікавала віншаванне жанчынам. Да гэтага ён паспеў сустрэцца з памочніцай Генеральнага сакратара ААН, дырэктаркай Рэгіянальнага бюро па краінах Еўропы і СНД ПРААН Іванай Жыўковіч. На гэтым усё.
На сайце міністэрства прозвішча і біяграфію Масляка яшчэ не паспелі прыбраць.
Сяргей Міхайлавіч Масляк нарадзіўся ў 1980 годзе ў Мінску.
У 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, у 2006 годзе — Інстытут турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і ў 2016 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
У перыяд з 2002 па 2003 год працаваў памочнікам ляснічага Валмянскага лясніцтва дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Мінскі лясгас».
З 2003 па 2005 гады — інжынерам першай катэгорыі аддзела пошукаў і праектавання лесагаспадарчых аб’ектаў праектна-пошукавага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БЕЛГІПРАЛЕС».
З 2005 па 2006 гады — вядучым спецыялістам аддзела гарадской гаспадаркі адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска.
З 2006 па 2012 гады — намеснікам дырэктара камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Зелянбуд Заводскага раёна г. Мінска».
З 2012 па 2013 гады — дырэктарам камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Зелянбуд Першамайскага раёна г. Мінска».
З 2013 па 2015 гады — намеснікам кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска.
З 2015 па 2019 гады — старшынёй Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
З 2019 па 2024 гады — кіраўніком адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска.
22 красавіка 2024 года прызначаны на пасаду Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.